У Гарадзенскім абласным судзе “да разгляду” прызначана чарговая справа ў рамках так званай спецвытворчасці. Гэты суд афіцыйна прапануе з’явіцца 16 чэрвеня на пачатак разгляду крымінальнай справы Занеўскаму Андрэю Антонавічу, 1986 года нараджэння. Яму інкрымінуюць частку 1 артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Здрада дзяржаве”). Па гэтым артыкуле за апошнія гады ў Беларусі ўжо засудзілі больш чым 100 чалавек.

У чым канкрэтна абвінавачваюць Андрэя Занеўскага (акалічнасці і абставіны справы) – пакуль невядома. Занеўскаму пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення і штраф.

Напомнім, што паводле так званай спецвытворчасці завочна ў Гародні ўжо засудзілі 11 чалавек (больш за ўсіх абласных цэнтраў Беларусі). Яшчэ не менш 5 гарадзенцаў чакаюць абвяшчэння працэсаў і афармлення незаконных завочных прысудаў.