Чыноўнікі ад турызму сабраліся ў дзятлаўскім “Радоне” каб абмеркаваць сітуацыю з развіццём. Пляцоўкай для надзённых тэмаў стаў філіял “Санаторый “Альфа Радон” ТАА “ТОРВЛАД”, які сёлета адзначае дзесяцігоддзе існавання. Гэта было пасяджэнне рабочай групы па развіцці лячэбна-аздараўленчага турызму Міжведамаснага савета па турызме пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Як паведамляюць прапагандысты, сустрэча прайшла пад дэвізам “Вытрымаць канкурэнцыю і не згубіць кадры”.

Удзельнікамі пасяджэння сталі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алег Андрэйчык, кіраўніцтва профільных ведамстваў і ўстановаў, якія спецыялізуюцца на санаторна-курортным лячэнні.

Чыноўнікі сцвярджаюць, што “па выніках першага квартала сфера аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння Беларусі дэманструе ўстойлівы рост па многіх паказчыках. Калі 2024 год быў рэкордным для нашай сістэмы, то гэты павінен  быць не горшым: запаўняльнасць установаў аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася на 5 %, выручка ад свабоднай рэалізацыі паслуг – на 18 %, ад экспарту – на 15 %. Таксама назіраецца ажыятажны попыт на летняе аздараўленне”.

Начальнік прадстаўніцтва “Гродзенскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва”Анатоль Ганчар:

За апошнія пяць гадоў здраўніцамі Гродзенскай вобласці на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы выдаткавана больш за 44 мільёны рублёў з уласных сродкаў – на мадэрнізацыю будынкаў і памяшканняў, абнаўленне нумарнога фонду і лячэбных кабінетаў, стварэнне камфортных зон адпачынку, паляпшэнне архітэктуры і дызайну“.