Стала вядома, што з 13 траўня няма звестак пра палітвязня Мікіту Самарына. Апошні вядомы ліст з СІЗА ад яго быў датаваны менавіта гэтай датай. З ананімных крыніц вядома, што ўжо больш за тры тыдні Мікіта знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Перадаваць яму ежу, адзежу і кожныя іншыя рэчы забаронена. Пад забаронай таксама ўсе кантакты, у тым ліку і магчымасць высылкі ці атрымання лістоў. Самарына трымаюць зараз у рэжыме інкамунікада. Акрамя таго, праўдападобна ў ізалятары Мікіта церпіць здзекі і катаванні з боку працаўнікоў СІЗА. Здароўе і жыццё Мікіты зараз пад пагрозаю!

Дагэтуль таксама знаходзіцца пад грыфам сакрэтнасці інфармацыя пра хаду справы Мікіты Самарына і датах судовых паседжанняў.

Следчаму, якому даручана займацца крымінальнай справай Мікіты, таксама забаронена інфармаваць пра стан і рух справы родных і блізкіх Мікіты.

Напомнім, што ў снежні 2020 года Самарын быў засуджаны да 4 гадоў хіміі за тое, што распыліў газ падчас пікета каля Кастрычніцкага РАУСа Гародні. Аднак пасля прысуд яму замянілі на 2,5 года зняволення ў калоніі. Самарын не пайшоў на апеляцыю і застаўся на свабодзе. Увесь час пасля суда Мікіта хаваўся ад сілавікоў. Быў выпадкова затрыманы 23 сакавіка бягучага году. Пры сабе ў яго не было пасведчання асобы, а дадзеных, якія ён назваў, не было ў базе МУС. Па інфармацыі міліцыі, калі Мікіту сказалі ехаць у РАУС, ён зламаў аднаму з міліцыянтаў руку і паспрабаваў уцячы ад іх праз раку. Але яго дагналі і затрымалі.

Да 2020 году ў Гародні Самарын працаваў аўтарэстаўратарам, быў сябрам клубу рэканструктараў рэтрааўтамабіляў «Вінтаж». Не раз удзельнічаў у фотасэсіях і гарадскіх фэстах.