Надзея Сцепанцова (справа) з сястрой Жаннай Захаркевіч

Стала вядома, што 6 чэрвеня бягучага году судом Цэнтральнага раёну Менску Instagram-акаунт гарадзенкі Надзеі Сцепанцовай прызнаны экстрэмісцкім.

Надзея Сцепанцова – палітычная эмігрантка, якая разам з сястрой ўцякла ад крымінальнага пераследу з Гародні за мяжу.

Напомнім, што сёстраў судзілі за мірную акцыю ў Гародні, якая адбылася 6 верасня 2020 году паводле артыкулаў 342 КК і 364 КК.Тады іх засудзілі да 3 і 3 з паловай гадоў “хіміі”.

А 19 жніўня 2024 году Гарадзенскім абласным судом быў абвешчаны прысуд па завочнай крымінальнай справе Надзеі Сцепанцовай і Жаны Захаркевіч. Прадказальна, што абедзвюх прызналі вінаватымі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненым паўторна. Паводле часткі 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага Кодэксу суддзя Юрый Казакевіч прызначыў ім пазбаўленне свабоды на тэрмін 4 гады кожнай.

Па сукупнасці з ранейшым прысудам суда Ленінскага раёну Гародні ад 10 сакавіка 2021 году з улікам зменаў, унесеных вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суду ад 19 ліпеня 2022 году, канчаткова было вызначана пазбаўленне свабоды Надзеі Сцепанцовай на тэрмін 5 гадоў і 6 месяцаў, Жане Захаркевіч – на 5 гадоў з адбываннем зняволення ў «папраўчай» калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.