
Школа, фота ілюстрацыйнае
Змены ў Кодэкс аб адукацыі забараняюць атрыманне адукацыі ў замежных школах. З тэксту Кодэксу вынікае, што могуць пакараць тых, хто зарэгістраваны ў Беларусі, жыве за мяжой і вучыць дзяцей у замежных школах. Мінадукацыі запэўнівае, што забарона датычыць толькі дыстанцыйнай адукацыі з тэрыторыі Беларусі.
У канцы 2024 года былі ўхваленыя змены ў Кодэкс аб адукацыі, што набудуць моц з 1 верасня 2025 года. Сярод зменаў – абавязанне законных прадстаўнікоў непаўналетніх забяспечваць дзецям, якія жывуць у Беларусі, адукацыю, у тым ліку агульную сярэднюю, ва ўстановах адукацыі Беларусі. Міністэрства адукацыі ў сваім Telegram-канале апублікавала паведамленне пра тое, што гэта не закране беларусаў за мяжой.
Прадстаўніца ў пытаннях моладзевай палітыкі і студэнцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету Маргарыта Ворыхава забіла трывогу: з тэксту Кодэксу вынікае, што праблемы могуць узнікнуць і ў тых беларусаў за мяжой, якія не зарэгістравалі дзяцей адпаведным чынам. А выпісацца без прапіскі на новым адрасе можна толькі ў адным выпадку: пры афармленні выезду за мяжу для сталага перабывання. Раней карэспандэнтку «Белсату» запэўнівалі ў тэлефоннай размове, што гэтае абавязанне вучыць дзяцей у школах у Беларусі датычыць толькі тых, хто перабывае на тэрыторыі Беларусі.
Мінадукацыі цяпер на афіцыйнай старонцы запэўнівае, што норма скіраваная на выключэнне дыстанцыйнай адукацыі ў замежных установах дзяцей, якія жывуць у Беларусі, і не распаўсюджваецца на дзяцей, якія выехалі на часовае пражыванне ў іншую дзяржаву і там вучацца ў замежных школах.
«Бацькам будучых першакласнікаў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, але якія пражываюць за яе межамі, падаваць у школу пацвярджальныя дакументы не трэба», – піша Мінадукацыі.
Як тады будуць правяраць, ці не жывуць у Беларусі дзеці, чые бацькі кажуць, што яны вучацца ў замежных школах, не ўдакладняюць. Гэтак сама як не тлумачаць, навошта наагул змагацца з дыстанцыйнай адукацыяй у замежных установах.
Раней дырэктарка Дэпартаменту кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Вольга Рыбаключава даводзіла ў «Настаўніцкай газеце», што ў замежных школах немагчыма вывучыць беларускую мову, літаратуру, гісторыю і геаграфію і што ў беларускіх школах паралельна з навучаннем «праводзіцца выхаваўчая праца, у аснову якой закладзеныя ідэалагічны і патрыятычны складальнікі».
Белсат
