
Фота з старонкі Салажэнцава Вконтакте
Сяргею Салажэнцаву 42 гады. Ён нарадзіўся ў Гародні. Пасля заканчэння школы паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. З 2005 года працаваў у IT.
Спачатку Сяргей уладкаваўся ў кампанію SaM Solutions, дзе дарос да пазіцыі кіраўніка каманды. У 2009-м перайшоў на пазіцыю вядучага распрацоўшчыка ў кампанію Reaxion, якая стварала мабільныя гульні. У 2011-м стаў тэхнічным дырэктарам у невялікай Alis Games, якая таксама распрацоўвала гульні для мабільных тэлефонаў і сацсетак. Самая вядомая гульня студыі — Need a Hero — атрымала некалькі прэстыжных узнагародаў. Пасля паўтара года быў старэйшым распрацоўшчыкам у Viplay.
У канцы 2021 года Салажэнцаў пераехаў у Варшаву. Там ён адкрыў ІП і ўладкаваўся ў кампанію RunMyLease, дзе займае пасаду Tech lead (чалавек, які адказвае за тэхнічныя рашэнні на праекце і тэхнічнае кіраўніцтва камандай). Гэта амерыканская кампанія, якая распрацоўвае рашэнні для продажу аўтамабіляў і працуе з дылерскімі цэнтрамі.
Галоўнае хобі Сяргея — бальныя танцы. Ён пачаў выступаць парна ў Польшчы ў 2023 годзе і паўдзельнічаў у васьмі конкурсах разам з партнёркай у катэгорыі 40+. У 2024 годзе яны ўзялі два золата і адно срэбра на танцавальных конкурсах у Польшчы.
Пасля Сяргей вярнуўся ў Беларусь. Невядома, калі дакладна гэта адбылося, але апошні раз ён ставіў рэакцыю ў Linkedin у верасні 2024 года.
Хутчэй за ўсё, прыкладна тады Салажэнцаў быў арыштаваны. Яму выставілі абвінавачванне ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2 КК). Сяргею пагражала да 5 гадоў хіміі альбо ад 3 да 5 гадоў калоніі.
Працэс над айцішнікам праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе. Мяркуючы па тым, што пасля суда Салажэнцаў так і не з’явіўся анлайн, яму прысудзілі тэрмін у калоніі.
Наша Ніва
