
Знакаміты беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі нарадзіўся 14 чэрвеня 1900 года. Сам ён расказваў, што напэўна у адной з трох вёсак – Шэйпічы (цяпер Пружанскі раён), Несцеравічы (Свіслацкі) ці Падароск (Ваўкавыскі). Прафесар Аляксей Пяткевіч сцвярджаў, што ў Несцеравічах. Ахрышчаны ў Сядзельніцкай царкве.

Двайное прозвішча ўзяў ужо ў сталым веку ад бацькі Івана Забэйды і маці Аляксандры Суміцкай. Дзяцей у сям’і было сямёра, але выжыў толькі Міхась, брат Валодзя памёр ад сухотаў у 22 гады. Калі Міхалу было паўтара года, памёр бацька. Гадоў з 8-мі Міхась пачаў працаваць у панскім маёнтку. Скончыў Зельзінскую аднакласную школу, потым двухкласную царкоўна-прыходскую вучэльню ў Галоўчыцах. У 1914 годзе паступіў ў Маладэчанскую настаўнікую семінарыю. Праз год у час вайны яна эвакуявалася ў Смаленск, скончыў яе ў 1918 годзе і паехаў працаваць у Сібір. Жыў каля Барнавулу, ствараў хоры і драматычныя гурткі.

У Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі, 1915 г.
У 1920 годзе апынуўся ў Харбіне, дзе, пачаў вучыцца музыцы. У 1929 годзепаспяхова скончыў юрыдычны факультэт Харбінскага расейскага ўніверсітэту. Аднак жыць бяз спеваў ня змог і замест месца ў асістэнтуры зрабіўся салістам Харбінскай оперы. За тры гады ў Харбінскай оперы выконваў 15 класічных партыяў, прычым нязменна спяваў на мове арыгіналу. Працаваў яшчэ і ў школе.
У 1932 годзе пераехаў у Італію – у Мілан. Вучыўся ў маэстра Фэрнанда Карпі, які раней канкураваў з Карузам і іншымі славутасцямі. Паспяхова выступаў у Міланскай оперы, на сцэне “Ля-Скала”. Але ў гэты час спявак атрымаў з Шэйпіч вестку, што ягоная маці, з якой ён ня бачыўся 16 гадоў, моцна хварэе і хоча яго бачыць. Так у 1935 годзе ён вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Цягам двух гадоў выступаў ў беларускіх гарадах, па ўсёй Польшчы і ў суседніх краінах. Яго першы канцэрт з нагоды прыезду на бацькаўшчыну адбыўся ў Ружанах. У канцэрце сярод класічных твораў прагучала і беларуская калыханка.

Пласцінка песень спевака, Варшава, 1965 г.
На 1935-36 гады заключыў кантракт з Познаньскім оперным тэатрам. Канфлікт там паўстаў на глебе нацыянальнага пытання: Міхась Забэйда-Суміцкі ніяк не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно права – быць беларускім. На другі год спявак ад далейшай супрацы з тэатрам адмовіўся і пераехаў у Варшаву. У 1936 годзе прэзэнтацыі класічнага беларускага рэпертуару адбыліся ў культурнай сталіцы Вільні па запрашэнні Рыгора Шырмы.

З хорам Рыгора Шырмы, Вільня, 1938 г.
З 1937 года Забэйда працаваў салістам на Варшаўскім радыё. Пасля бамбардавання гітлераўцамі Варшавы быў кантужаны. З 1940-га – саліст Народнага тэатра ў Празе. Змушаны быў канцэртаваць, ня маючы сродкаў да жыцця. Пазней яшчэ выкладаў спевы ў музычнай акадэміі. У 1963 годзе канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. У 1968 годзе запісаў грампласцінку з беларускімі народнымі песнямі. Меў выключны, вельмі прыгожага тэмбру голас, яркую сцэнічную знешнасць, акторскі талент. Спяваў на 16 мовах, а цягам аднаго канцэрту нярэдка выконваў песні на дзесяці мовах, прычым ніколі не дазваляў сабе зазіраць у тэксты.

Пласцінка песень спевака, Прага, 1968 г.

У Празе, 1970-я гады
Цэлы час марыў вярнуцца ў Беларусь, хацеў дажыць век на роднай зямлі. Але саветы не дазволілі. Памёр у Празе 21 снежня 1981 году. Пахаваны на Альшанскіх могілках. На магіле помнік з напісам на чэшскай і беларускай мовах. Свой багаты архіў Забэйда-Суміцкі разам з бібліятэкаю паводле запавету пакінуў Беларусі. У гонар славутага спевака названая вуліца ў Маладэчне.

Магіла на Альшанскіх могілках
