
З палітзняволеным гарадзенскім журналістам Дзянісам Івашыным зноў аднавілася сувязь. Пра гэта паведаміла яго жонка Вольга Івашына:
“Усё-ткі нашыя хваляваньні за Дзяніс Івашын ня мелі падставаў. Выглядае на тое, што прычынай затрымкі карэспандэнцыі Дзяніса ё час летніх адпачынкаў супрацоўнікаў турмы. Сёньня і ўчора мы з маці атрымалі ад нашага ваяра ліст і паштоўку. Паштоўка – з 1 чэрвеня, а ліст Дзяніс наагул напісаў напярэдадні сваіх Народзінаў. Як бачна, настрой і фізычны стан ягоныя не зьмяніліся, то бок усё ў адносным парадку”.
Івашын у зняволенні працягвае шмат чытаць. Апроч перыядычных выданьняў, якія ён сабе выпісвае, Дзяніс таксама чытае мастацкую і нават амаль навуковую літаратуру. У ліку падпісных выданняў, якія сабе замаўляе Дзяніс, “Каталіцкі весьнік”.

Ужо 4 гады і чатыры месяцы Івашын у зняволенні.
Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.
