Савет Міністраў апублікаваў пералік адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Улады Беларусі фармалізавалі крытэры ўключэньня ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» і дадалі ў пералік новыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, паведаміла «Медиазона».

Што зьмянілася

Больш за паўсотні артыкулаў Крымінальнага кодэксу (КК) вядуць да аўтаматычнага ўключэньня ў сьпіс «экстрэмістаў» тых, каму быў вынесены прысуд паводле іх.

Абскардзіць уключэньне ў сьпіс «экстрэмістаў» тэарэтычна можна цягам месяца.

«Прапаганда вайны» і «незаконнае атрыманьне замежнай дапамогі з мэтай тэрарыстычнай дзейнасьці» — новыя падставы для ўключэньня ў сьпіс «тэрарыстаў».

У сьпіс «тэрарыстаў» будуць уносіць на падставе «ўзгодненага рашэньня» кіраўнікоў КДБ, МУС, генэральнага пракурора або іхных намесьнікаў «з улікам інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі». Гэта тычыцца абвінавачаных або асуджаных паводле артыкула «распальваньне варожасьці».

Для выключэньня зь «сьпісу «тэрарыстаў» грамадзянін павінен сам зьвярнуцца ў КДБ і абгрунтаваць сваю просьбу. Рашэньне таксама будзе прымацца калегіяльна. Выключыць зь сьпісу «тэрарыстаў» могуць таксама ў выпадку

  • скасаваньня прысуду,
  • спыненьня крымінальнага перасьледу,
  • пагашэньня ці зьняцьця суджанасьці.

Для выключэньня зь сьпісу «экстрэмістаў» крытэры тыя ж, але пагашэньня і зьняцьця суджанасьці мала. Трэба яшчэ, каб пасьля гэтага прайшло пяць гадоў.

За незаконнае набыцьцё ці захоўваньне радыяактыўных матэрыялаў, атруты, зброі, згон транспарту раней маглі ўключыць у сьпіс «тэрарыстаў» паводле любой часткі артыкула КК. Цяпер жа — толькі калі гэта рабілася з мэтай учыненьня «тэрарызму, дывэрсіі ці стварэньня незаконнага фармаваньня (адпаведна часткам 3 і 4 адпаведных артыкулаў КК).

  • У сьпісе «экстрэмістаў» — больш за 5000 беларусаў.
  • У сьпісе «тэрарыстаў» — больш за 500.
  • Да 2020 году ў «тэрарыстычным» сьпісе ніводнага беларуса не было.

Чаго нельга людзям, уключаным у сьпіс «экстрэмістаў»

  • Займацца выдавецкай дзейнасьцю.
  • Складаць адукацыйныя праграмы.
  • Займаць дзяржаўныя пасады.
  • Праходзіць вайсковую службу.

Іх фінансавыя апэрацыі — пад асаблівым кантролем. У іх могуць быць праблемы з уладкаваньнем на працу. Яны знаходзяцца пад кантролем міліцыі.

Гэтыя забароны і абмежаваньні дзейнічаюць да пагашэньня або зьняцьця суджанасьці і цягам 5 гадоў пасьля гэтага.

Чаго нельга людзям, уключаным у сьпіс «тэрарыстаў»

  • Аформіць банкаўскую картку ці рахунак
  • Узяць крэдыт
  • Аформіць даверанасьць
  • Атрымаць спадчыну
  • Купіць SIM-карту
  • Застрахавацца

За імі вядзецца прафіляктычнае назіраньне, іх выклікаюць у міліцыю на гутаркі і з мэтай кантролю.

У выпадку трох адміністрацыйных правапарушэньняў за год іх могуць пазбавіць права

  • пакідаць свой населены пункт,
  • прыходзіць дадому пазьней за пэўны час.

Ім таксама можа быць забаронены выезд за мяжу.

Знайсьці працу зь меткай «тэрарыста» і забаронай адкрываць рахункі практычна немагчыма.

Свабода