
Вядомы навуковец, загадчык аддзела Расійскай нацыянальнай бібліятэкі і адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускай дыяспары Пецярбургу Мікалай Нікалаеў апублікаваў у фэйсбуку фота, зробленае на магіле акадэміка Яўхіма Карскага, што на пецярбургскіх Смаленскіх могілках.
«Пасля канферэнцыі паехалі на Смаленскія могілкі, пакласці кветкі акадэміку Карскаму. Кругом усё так зарасло баршчэўнікам, што не відаць помніка — толькі вяршыня крыжа. Баязлівыя ўдзельнікі цырымоніі не дазволілі мне і Міколу Сакалову парэзаць баршчэўнік — праўда мы некалькі каліў паламалі нагамі і парасонамі і кветкі да помніка ўсё ж паклалі», — напісаў Мікалай Нікалаеў.
Акадэмік Яўхім Карскі (1861-1931) — нараджэнец вёскі Лаша, што пад Гародняй, лінгвіст, этнограф, філолаг-славіст і гісторык, якога справядліва лічаць адным з заснавальнікаў навуковага беларусазнаўства. Ён аўтар шматтомнай фундаментальнай працы «Беларусы» (т. 1—3, 1903—1922), якая да сённяшняга дня з’яўляецца адной з найважнейшых крыніц па гісторыі і структуры беларускай мовы, фальклору і этнаграфіі.
