
фота ілюстрацыйнае
Мінтранс вынес на грамадскае абмеркаванне праект зменаў у правілы перабывання на чыгунцы. Сярод прапановаў – забарона карыстацца слухаўкамі на пасажырскіх платформах і ездзіць у кабінах цягнікоў.
Праект пастановы Міністэрства транспарту і камунікацыяў апублікавалі на прававым форуме для грамадскага абмеркавання. Яно працягнецца да 29 чэрвеня.
Гэтая пастанова змяняе правілы перабывання грамадзянаў у зонах павышанай небяспекі, праезду і пераходу праз чыгуначныя шляхі.
Мінтранс прапануе абавязаць грамадзянаў трымаць за руку або несці на руках дзяцей да 14 гадоў пры пераходзе праз чыгунку.
У правілах застаецца забарона ісці праз пераход і адначасова карыстацца мабільнікамі, слухаўкамі, планшэтнымі камп’ютарамі ды іншымі дэвайсамі. Цяпер жа дадаюць забарону праязджаць пешаходныя пераходы на мотаблоках, матацыклах, мапедах, роварах, самакатах, роліках, лыжах, а таксама іншых сродках персанальнай мабільнасці.
Шэраг зменаў прапануецца ў пункт, што датычыць зонаў павышанай небяспекі. Такімі зонамі лічацца чыгуначныя шляхі і ўсё, што побач з імі: станцыі, прыпыначныя пункты, пасажырскія платформы і «іншыя аб’екты арганізацыяў чыгуначнага транспарту».
Грамадзянам, напрыклад, забароняць заходзіць у кабіны цягнікоў і лакаматываў і ездзіць там (аказваецца, у цяперашняй рэдакцыі правілаў такой забароны няма), затрымліваць адпраўленне цягнікоў, саскокваць з платформаў і быць пад імі.
Акрамя таго, на платформах нельга будзе карыстацца слухаўкамі.
Удакладняецца таксама, што на роварах, самакатах, роліках і іншых такіх сродках забаронена ездзіць па платформах тады, калі побач праязджае ці стаіць цягнік.
Агулам у зонах павышанай небяспекі не будзе дазволенае выкарыстанне піратэхнікі і лазерных указак.
Калі ў цяперашніх правілах забаронена вудзіць толькі з чыгуначных мастоў, то будзе нельга і пад імі, а таксама на адлегласці 50 метраў ад іх. Там жа забароняць яшчэ і купацца.
Яшчэ ў гэтым дакуменце прапісалі, як належыць пасвіць жывёлу побач з чыгункаю і пераводзіць яе праз чыгуначныя пераезды.
Белсат
