
Відэаагляд крамы «еДИН» ад гродзенскай блогеркі Леначкі Лукашык выклікаў мноства негатыўных каментароў. Уся справа ў тым, што тавары для крамы вырабляюць зняволеныя ў папраўчых калоніях Беларусі. І атрымліваюць за гэта капейкі. Hrodna.life даведаўся ад зняволенага, які нядаўна вызваліўся, наколькі ацэньвалася яго праца.
Іван (імя зменена) нядаўна вызваліўся з адной з такіх “папраўчых” калоній. Там, паводле дакументаў, за апошні год зняволення ён зарабіў 330 рублёў – у сярэднім па 27 рублёў за месяц. І гэта на ўмовах поўнага працоўнага дня — з 9.00 да 17.00, пяць дзён у тыдзень.
Іван лічыўся падсобным рабочым і рэальна на рукі атрымліваў менш — пасля ўсіх адлічэнняў яму заставалася толькі 7 рублёў у месяц. Справа ў тым, што з зарплаты зняволеных плацяцца ўзносы ў ФСАН (фонд сацыяльнай абароны насельніцтва), адлічэнні за прычыненую шкоду або аліменты, адымаюцца сумы на камунальныя паслугі і харчаванне.
Вязні занятыя на вытворчасці самых розных тавараў. Напрыклад, філіял «Тэхнатара» ў ПК-13 у Глыбокім вырабляе гаспадарчае мыла, харчовую плёнку, цвікі, сетку «Рабіца», паддоны, табурэткі, драўняны вугаль, тратуарную плітку і іншыя тавары.
Заробкі могуць моцна адрознівацца: могуць быць нават ніжэй, чым у Івана, а могуць быць і значна вышэй. Заробак залежыць ад нормы выпрацоўкі, акрамя таго, працу аднаго чалавека могуць фармальна падзяліць на розных людзей, каб стварыць ілюзію занятасці. На запатрабаваных спецыяльнасцях, такіх як зваршчык ці сталяр, зарплаты параўнальныя з тымі, што ёсць на свабодзе.
Hrodna.life
