Журналіст Анджэй Пачобут быў першым у спісе на вызваленне палітвязняў у Беларусі, які склала Польшча. Пра гэта журналістам расказаў прэс-сакратар польскага МЗС Павел Уроньскі.

У ліку 14 чалавек, якіх рэжым Лукашэнкі выпусціў з-за кратаў 21 чэрвеня, ёсць трое грамадзян Польшчы, у тым ліку Ежы Жывалеўскі, якога вінавацілі ў шпіянажы. Але няма самага вядомага з палітвязняў, звязаных з Польшчай — Анджэя Пачобута. Журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі засудзілі на восем гадоў калоніі.

Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Уроньскі запэўніў, што імя Пачобута “было першым у нашым спісе”перадае выданне Fakt.

“ЗША заяўляюць, што гэта пачатак перамоваў. Мы спадзяемся, што ў спісе будзе больш грамадзян Польшчы і палякаў з беларускім грамадзянствам”, — дадаў польскі дыпламат.

Экс-дэпутат Еўрапарламента Рышард Чарнецкі, аднак, крытыкуе дзеянні польскіх уладаў у справе Пачобута. “Польская дзяржава, і ў прыватнасці цяперашні ўрад, цалкам правалілі экзамен на эфектыўнасць у справе вызвалення Анджэя Пачобута”, — піша ён у сваёй калонцы ў выданні Wpolityce.

Ён мяркуе, што Пачобута трэба было вызваляць падчас вялікага абмену зняволенымі паміж Захадам і Расеяй, які адбыўся ў Анкары ў жніўні мінулага года. Таксама Чарнецкі раскрытыкаваў і польскую апазіцыю: маўляў, яна недастаткова актыўна дамагаецца дзеянняў ад такіх структур, як Еўразвяз, Рада Еўропы, АБСЕ і ААН.