Польшча мае намер да 31 снежня 2025 года падоўжыць для беларусаў спрошчаны парадак выдачы праязнога дакумента замежніка. Падрыхтаваны праект адпаведнага распараджэння міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, піша MOST.

Праязны дакумент замежніка — гэта часовая замена пасведчання асобы. Дакумент выдаюць тым замежнікам, у якіх пашпарт згублены ці не сапраўдны, а атрымаць новы няма магчымасці. Беларусам сталі выдаваць такія дакументы пасля таго, як Лукашэнка забараніў консульствам за мяжой мяняць дакументы грамадзянам Рэспублікі Беларусь.

Спрошчаны парадак выдачы характарызуецца тым, што:
— атрымаць праязны дакумент могуць нават тыя беларусы, якія ніколі раней не мелі праязнога дакумента (у тым ліку пашпарта), у тым ліку дзеці;
— беларусам не трэба даказваць, што яны не могуць атрымаць пашпарт ад уладаў сваёй дзяржавы;
— для падачы заявы падыходзяць не толькі пастаянны ВНЖ, карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ, гуманітарны ВНЖ або статус дадатковай абароны, але і часовы ВНЖ (незалежна ад мэты выдачы).

Грамадзянаў Беларусі бестэрмінова вызвалілі ад выплаты збору за выдачу дакумента.

Колькасць выдадзеных беларусам польскіх праязных дакументаў замежніка павялічваецца: у 2023 годзе іх атрымалі 983 беларусы, у 2024-м — 3328, а сёлета да 15 красавіка — 1272.