
125 гадоў таму (1900) – У в. Бязводна (Зэльвенскі р-н) нарадзіўся Рафаэль Лемкін, амерыканскі юрыст, аўтар тэрміну “генацыд” і праекту адпаведнай Канвенцыі ААН.
Раннія гады
Рафаэль Лемкін нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і на тэрыторыі Беларусі. Ён быў адным з трох дзяцей Іосіфа і Бэлы Лемкіных. Маці яго займалася жывапісам, лінгвістыкай і вывучала філасофію. Пасля заканчэння гандлёвай школы ў Беластоку Рафаэль Лемкін вывучаў філалогію і юрыспрудэнцыю (1928) у Львоўскім універсітэце, быў паліглотам і свабодна гаварыў на дзевяці і чытаў на чатырнаццаці мовах. З 1929 года працаваў у Варшаўскай пракуратуры, затым займаўся адвакацкай практыкай.
Стварэнне панятку «генацыд»

Як сведка шматлікіх яўрэйскіх пагромаў, аўтар панятку «генацыд» Рафаэль Лемкін яшчэ ва ўніверсітэце пачаў займацца пытаннем юрыдычнай адказнасці за знішчэнне этнічных груп. Пасля забойства ў Берліне былога турэцкага міністра, вінаватага ў масавых забойствах, ён упершыню заняўся праблемай генацыду армян. Абураны беспакаранасцю гэтага злачынства, у пачатку 1930-х гадоў ён пачаў актыўна лабіраваць гэтае пытанне ў міжнародным праве.
У 1933 годзе Р. Лемкін на міжнароднай канферэнцыі па ўніфікацыі міжнароднага права ў Мадрыдзе прапанаваў распрацаваць міжнародную канвенцыю супраць генацыду, а таксама вылучыў наступныя прыкметы генацыду:
- Разбурэнне культурных каштоўнасцяў і гістарычнай спадчыны праз перадачу дзяцей з адной этнічнай групы ў іншую, прымусовае і сістэматычнае выключэнне цывілізацыйна-культурных элементаў, забарону на выкарыстанне роднай мовы, сістэматычнае знішчэнне кніг на роднай мове гэтай групы, разбурэнне аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны (помнікаў, рэлігійных устаноў, музеяў і г. д.).
- Акты жорсткай агрэсіі ў дачыненні да асобных сацыяльных груп; гвалтоўнае ўварванне ў прыватнае жыццё прадстаўнікоў пэўных груп; мэтанакіраванае знішчэнне гістарычнай, культурнай і эканамічнай асноў гэтых груп.
У 1941 годзе эміграваў у ЗША, дзе выкладаў ва ўніверсітэце Дзюка, працаваў кансультантам Савета па эканамічнай вайне і адміністрацыі па замежнай эканоміцы ЗША.
У 1944 годзе выдаў у ЗША кнігу «Праўленне дзяржаў „Восі“ ў акупаванай Еўропе» (Axis Rule in Occupied Europe: Laws of Occupation, Analysis of Government, Proposals for Redress), у якой упершыню ўвёў у юрыспрудэнцыю панятак «генацыд».
Хоць часта лічыцца, што Лемкін стварыў паняцце «генацыд» адмыслова для Халакосту, яго намерам было стварэнне панятку для апісання старажытнай ваеннай тактыкі, адроджанай нацыстамі. Калі Рафаэль Лемкін у 1944 годзе стварыў паняцце «генацыд», ён спаслаўся на вынішчэнне армян у 1915 годзе як на асноватворны прыклад генацыду.
Лемкін максімальна шырока тлумачыў панятак «генацыд», вылучаючы, у прыватнасці, «савецкі генацыд». Зыходзячы з гэтага, ён лічыў генацыдам Галадамор ва Украіне.
У лістападзе 2015 года артыкул «Савецкі генацыд ва Украіне» ў Расеі ўключылі ў Федэральны спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Канвенцыя пра генацыд. Міжнародна-прававая дзейнасць
Браў удзел у працы Нюрнбергскага трыбунала.
Панятак «генацыд» набыў міжнародны прававы статус пасля прыняцця ў снежні 1948 года «Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго».
Як адзначае П. Дж. Гала, «Лемкін, паказваючы на генацыд армян, вёў нястомную кампанію, каб ААН прыняла Канвенцыю пра генацыд і прызнала генацыд злачынствам супраць чалавецтва.
У 1959 годзе, 28 жніўня, Лемкін памёр ад сардэчнага прыступу ў офісе аднаго з выдавецтваў. Ён меў 59 гадоў.
