
Свабода выказвання меркаванняў знаходзіцца пад пагрозай ва ўсім свеце, заявіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Article 19 у сваёй штогадовай справаздачы Global Expression Report. Паводле звестак маніторынгавай арганізацыі, больш чым дзве траціны насельніцтва свету сёння маюць меншую свабоду выказвання, чым дзесяць гадоў таму. Па ўзроўні свабоды выказвання меркаванняў сярод краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі Беларусь займае апошняе 49 месца, а ў сусветным рэйтынгу яна апярэджвае толькі Нікарагуа і Паўночную Карэю (159-ае месца з 161).
Як вынікае са справаздачы Global Expression Report, больш за 5,6 мільярды чалавек сутыкнуліся з пагаршэннем свабоды выказвання за апошнія 10 гадоў. Ацэнкі знізіліся ў 77 краінах, і толькі 35 краін цяпер класіфікуюцца як “адкрытыя”. Толькі 4% насельніцтва свету — менш за 300 мільёнаў чалавек у 15 краінах — за гэта дзесяцігоддзе адчулі паляпшэнне ў сферы свабоды выказвання. На кожнага чалавека, чыя свабода выказвання палепшылася, прыпадае 19 чалавек, у якіх сітуацыя пагоршылася.
Маніторынгавая арганізацыя выкарыстоўвае шкалу з пяці ўзроўняў для ацэнкі свабоды выказвання: адкрытая, менш абмежаваная, абмежаваная, моцна абмежаваная і крызіс. Тры краіны з найвышэйшымі ацэнкамі сёлета — Данія (94 балы), Швейцарыя (93) і Швецыя (93). На апошніх месцах рэйтынгу знаходзяцца Беларусь, Нікарагуа і Паўночная Карэя, з ацэнкамі 1, 1 і 0 балаў адпаведна.
Article 19 адзначае, хоць амаль палова насельніцтва Еўропы і Цэнтральнай Азіі жыве ў краінах з узроўнем свабоды, што класіфікуецца як “Адкрытая”, больш за траціну цяпер жывуць у краінах, прызнаных тымі, што знаходзяцца ў стане “крызісу”. Усе краіны, якія ўваходзяць у Глабальны топ-10 па ўзроўні свабоды выказвання, знаходзяцца ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі, аднак многія дзяржавы рэгіёну перажываюць сур’ёзныя пагаршэнні.
За апошняе дзесяцігоддзе ў 26 краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі адбылося зніжэнне ўзроўню свабоды выказвання, але толькі ў трох з іх гэта зніжэнне было значным (падзенне на 20 і больш пунктаў): у Грузіі (−27 пунктаў), Кыргызстане (−23) і Беларусі (−21). За той жа перыяд толькі тры краіны прадэманстравалі паляпшэнні − але ні адно з іх не было значным. Як адзначае Article 19, за апошні год зніжэнне зафіксаванае ў шасці краінах рэгіёну, прычым у трох яно было значным (падзенне на 5 і больш пунктаў). Найбольшае пагаршэнне адбылося ў Грузіі (−16 пунктаў), Малдове (−11) і Славакіі (−7). Толькі адна краіна ў рэгіёне палепшыла свае паказчыкі за гэты перыяд − Польшча, чыя ацэнка вырасла на 19 пунктаў, што дазволіла ёй перайсці ў катэгорыю “Адкрытая”.
У рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь знаходзіцца на 166-м месцы са 180. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры без межаў”. За год наша краіна перамясцілася на адну пазіцыю ўверх, абагнаўшы Расею.
