
З заклікам вызваліць з-за кратаў незаконна засуджанага журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута выступіла старшыня незарэгістраванага Саюза палякаў Анжаліка Борыс.
У сваім допісе ў Фэйсбуку яна звярнулася да уладаў. “Анджэй Пачобут — наш калега і актывіст, сябра праўлення СПБ, журналіст, ён ніколі не быў “апазіцыянерам”, і мы вельмі просім улады ў Мінску аб яго вызваленні”, — напісала Борыс.
Акрамя таго яна падзякавала уладам за магчымасць палякам у Беларусі вывучаць польскую мову.
Афіцыйная Варшава называе вызваленне Пачобута першай і асноўнай умовай для змякчэння санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі. Пытанне пра Пачобута прагучала пасля нядаўняга вызвалення 14 чалавек з беларускага зняволення. Сярод вызваленых васьмёра былі грамадзянамі не Беларусі, а іншых краін, у тым ліку тры палякі. Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Вроньскі быў вымушаны тлумачыць, што Пачобут стаіць першым у польскім спісе на вызваленне.
Анжаліку Борыс сваім часам арыштоўвалі па той жа “польскай справе”, што і Пачобута. магчыма, яе цяперашні допіс, кампліментарны для уладаў, сведчыць, што рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да перамоваў аб вызваленні Пачобута.
