Начальніца атрада, у якім знаходзіцца Галіна ДзербышКсенія Уладзіміраўна Даніленка. Са словаў адной былой палітзняволенай, тая наўмысна ўскладняе ёй жыццё ў калоніі:

«Яна затрымлівае дакументы. Галя вельмі доўга прасіла, каб яе пенсію перавялі дачцэ і тая магла купляць ёй перадачы. Але начальніца вельмі доўга гэта цягнула. Гэта было спецыяльна зроблена, каб зрабіць чалавеку горш».

Увосень 2024 года Галіне далі доўгачаканае спатканне з дачкой — гэтым былі незадаволеныя некаторыя супрацоўніцы калоніі:

«Казалі: “Якога чорта Дзербыш далі спатканне — ёй трэба было рапарт даць!” Калі яе вялі на спатканне, то ўсе супрацоўнікі пагражалі спыніць спатканне, калі яна нешта раскажа або пра ўмовы, або пра іншых зняволеных».

Галіна Дзербыш – грамадская актывістка з мястэчка Абухава. Многія гады яна змагалася з несправядлівасцю і беззаконнем мясцовай улады, пісала скаргі, бараніла свае правы і іншых.

Гарадзенскі абласны суд яшчэ 17 кастрычніка 2022 году агучыў прысуды дванаццаці фігурантам “справы Аўтуховіча”. Вольгу Маёраву і Галіну Дзербыш засудзілі да 20 гадоў калоніі. Галіну звінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Жанчына не прызнала сваю віну. 

Галіна Дзербыш мае інваліднасць другой групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам.