
Беларуская пісьменніца, літаратуразнавец, філолаг Лідзія Арабей нарадзілася 27 чэрвеня 1925 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і службоўцаў. У гэтай вёсцы нарадзіліся таксама вядомыя літаратары Кандрат Крапіва і Паўлюк Трус.
У час Другой сусветнай вайны, у 1942 годзе, Лідзія апынулася ў горадзе Шчучын Гарадзенскай вобласці. 17-гадовай дзяўчынай яна выпадкова трапіла туды, ратуючыся ад галоднай смерці. У Шчучыне пазнаёмілася з хлопцам-падпольшчыкам Аляксеем Арабеем, з якім яны і пажаніліся, узяла яго прозвішча. Аднак за сувязь з партызанамі фашысты расстралялі маладога падпольшчыка. Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад немцаў ў 1944 годзе – Арабей супрацоўніца рэдакцыі шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». У раёнцы надрукавала свае першыя вершы. Пісала і апавяданні. Многа гадоў пазней не раз прыязджала на Шчучыншчыну як даследніца творчасці паэткі Алаізы Пашкевіч. Пісьменніца сябравала з супрацоўнікамі Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі, дзе да гэтага часу захоўваюцца падараныя аўтаркай кнігі з аўтографамі і подпісамі на адрас шчучынцаў.
З 1945 года жыла ў Менску. Там пазнаёмілася з вядомым беларускім мастаком Яўгенам Ганкіным, які з 1946 года працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”, другі раз выйшла замуж. Пра гэты перыяд жыцця пары красамоўна распавядае серыя фатаздымкаў 1950-х гадоў, змешчаная ў іх сямейным фотаальбоме. У сталіцы Арабей вучылася і адначасна працавала ў сакратарыяце Саюза пісьменнікаў, дзе сакратаром тады быў Міхась Лынькоў.
Лідзія Арабей працавала ў часопісе «Вожык», у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», настаўнічала. У 1951 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1954 годзе – аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук БССР. Была старшым рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1955-1967 гады), літаратурным супрацоўнікам часопіса «Полымя» (1967-1974 гады). Арабей была кандыдатам філалагічных навук, з 1958 года сябрай Саюзу Пісьменнікаў СССР.
З літаратурнымі творамі Лідзія Арабей пачала друкавацца ў 1945 годзе. Выступала як празаік, крытык, літаратуразнавец. У 1956 г. выдала даследаванне «Цётка (Алаіза Пашкевіч)», у 1959 г. – крытыка-біяграфічны нарыс «Хвядос Шынклер». Цётка адыграла ў яе жыцці вельмі важную ролю – больш 30 гадоў Арабей вывучала яе біяграфію і творчасць.
Лідзія Арабей – аўтарка зборнікаў аповесцяў і апавяданняў «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ларыса» (1964), «Ваўчкі» (1972), «Сярод ночы» (1968), «На другой зіме вайны» (1968), «Мне трэба ехаць» (1974), «Паласа дажджу» (1984), «Пошукі кахання» (1987), дакументальных аповесцяў пра Цётку «На струнах буры» (1967) і «Стану песняй» (1977), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1970) і «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), кнігі сатыры і гумару «Кватэра № З» (1961). Выдала зборнікі апавяданняў для дзяцей «Калібры» (1960), «Ісці ў разведку» (1989) і аповесць «Сіні бор» (1972). Выйшлі яе Выбраныя творы ў двух тамах (1985). У супрацы з А. Раманоўскай пераклала раман эстонскага пісьменніка Ааду Хінта «Бераг вятроў» (1960 год). Кнігу «Пошукі ісціны» выдала, калі ёй было ўжо 80 гадоў, друкавалася ў літаратурным часопісе «Дзеяслоў».
Памерла Лідзія Арабей 20 лютага 2015 года ў Менску. Пасля крэмацыі пахавана ў калумбарыі сталічных Паўночных могілак.
