
З’явіліся новаўвядзенні для тых, хто плануе атрымліваць польскую візу. Пры рэгістрацыі на сайце візавага цэнтра ўвялі абноўленую сістэму верыфікацыі, паведамляе тыкток-акаўнт «Наши в Польше». Гэта пацвярджае і экспертка Анастасія Лысакоўская. Выданне «Люстэрка» даведалася, што за новаўвядзенні і як яны адаб’юцца на карыстальніках.
Па словах Анастасіі Лысакоўскай, з 26 чэрвеня пры рэгістрацыі на сайце VFS стала неабходна загружаць не толькі фатаграфію асобы і разварот дакумента, але і здымак яго вокладкі. Акрамя таго, сістэма будзе фіксаваць колькасць уваходаў у асабісты кабінет.
Калі за непрацяглы час чалавек распачне запар пяць спробаў аўтарызацыі, ягоны профіль заблакуюць на некалькі гадзін. Гэта, адзначае візавая экспертка, можа стаць адной з перашкод, каб злавіць «акенца».
«Навошта рабіць фота вокладкі, не ведаю, бо зняць можна любую. Магчыма, пры верыфікацыі не будуць прымаць пацёртую галоўную старонку. А вось тое, што колькасць заходаў у асабісты кабінет сталі часова абмяжоўваць, — гэта для мяне відавочны мінус.
Напрыклад, чалавек не ведае, ці з’явіліся даты на падачу, і заходзіць у сістэму праверыць. Альбо ж запіс анансавалі, карыстальнік зайшоў, а раздачу затрымліваюць. У кожным з гэтых выпадкаў мы трацім спробу, не атрымліваючы вынік, — дзеліцца меркаваннем Анастасія Лысакоўская. — Да таго ж праз памылкі ў працы сайт можа проста «выкідаць» з кабінета. На маім вопыце, часта, каб запісацца, трэба ўвайсці ў яго не раз і не два».
На думку эксперткі, прычына новаўвядзення — барацьба з пасярэднікамі.
«Аднак новыя абмежаванні ўскладняюць працэс рэгістрацыі не толькі для агентаў, але і для звычайных заяўнікаў, — кажа суразмоўца. — Пры гэтым колькасці даступных месцаў на запіс больш не становіцца. Асноўная нагрузка па-ранейшаму прыпадае на Мінскую консульскую акругу, дзе запісацца вельмі складана — тэрміны чакання ўжо дасягаюць года».
Лысакоўская таксама адзначае, што ў пятніцу, 27 чэрвеня, калі раздавалі месцы для рэгістрацыі ў Гродзенскай консульскай акрузе, слоты падзялілі па часе.

Спачатку ішоў запіс на турыстычны «шэнген», потым на працоўныя візы, затым — на астатнія, напрыклад, гасцявыя.

«Абвесткі аб з’яўленні дат для запісу былі і раней. Але калі тады паведамлялі, што пачынаецца рэгістрацыя на ўсе катэгорыі віз, то цяпер яны выкідваюць іх паступова, — адзначае суразмоўца. — Як гэта будзе працаваць далей і ці распаўсюдзіцца на іншыя рэгіёны, незразумела. Нядаўна раздавалі месцы на Мінскую консульскую акругу. Там проста было паведамленне пра «ўкід» у адзін час.
