28 чэрвеня свае 60-ыя ўгодкі адзначае Яўген Вапа, кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя, старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы, галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва”.

Яўген Вапа – даўні сябар гарадзенцаў і многіх іншых беларусаў метраполіі. Менавіта з яго чыннай падтрымкай адбываліся першыя фэсты ў Свіслачы і Якушоўцы – Дні памяці паўстаўнцаў 1863 году, розныя іншыя сустрэчы і культурна-адукацыйныя абмены паміж беларусамі Падляшша і Гарадзеншчыны, якія былі асабліва плённымі ў канцы 1990-ых, пачатку 2000-ых гадоў.

Яўген Вапа – блізкі сябра заснавальніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага і яго сям’і. Менавіта ён разам з жонкай Бяляцкага Наталляй Пінчук узначальваў беларускую дэлегацыю на ўручэнні нобелеўскай прэміі міру, што была прызнаная зняволенаму Алесю Бяляцкаму.

Шчыра зычым юбіляру доўгіх гадоў жыцця, здароўя, падтрымкі сяброў і іншых блізкіх людзей, новых дасягненняў у грамадскай і медыйнай сферах!