Шыхтаваньне і агляд танкавага батальёну 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады. Акрамя дзяржаўных сьцягоў і савецкага «знамени Победы», на фатаздымках заўважны сьцяг з абразом і тэкстам «За веру Христову! За народъ русскій!». Каляж

У Слоніме, дзе месьціцца адна з буйных беларускіх вайсковых частак, поруч з афіцыйнымі сьцягамі ўсё часьцей бачныя сьцягі з расейскімі імпэрскімі лёзунгамі і рэлігійнымі выявамі, вядомымі па вайне ва Ўкраіне. Такая сымболіка зьяўляецца як на тэхніцы, так і падчас акцыяў з удзелам школьнікаў. Свабода разьбіралася, хто за гэтым стаіць.

У пачатку чэрвеня ў 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе (вайсковая частка № 33933), што месьціцца ў Слоніме, праходзіў агляд гатоўнасьці вайскоўцаў да навучальнага году.

Гэта звычайныя плянавыя мерапрыемствы. Але падчас шыхтаваньня і агляду танкавага батальёну брыгады, акрамя дзяржаўных сьцягоў і савецкага «сьцяга Перамогі» зь сярпом і молатам, на фатаздымках відаць не зусім звычайную для беларускіх вайскоўцаў сымболіку. На вежы аднаго з танкаў у той дзень вісеў сьцяг з абразом Маці Божай і надпісам: «За веру Христову! За народъ русскій!»

Такі сьцяг цяпер часам выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы на вайне ва Ўкраіне. У інтэрнэт-крамах яго можна лёгка набыць і ў Беларусі. Часта ён так і называецца — «расейскі імпэрскі сьцяг». Адна з расейскіх інтэрнэт-пляцовак, дзе прадаюцца гэтыя сьцягі, зьмяшчае кароткае тлумачэньне да тавару:

«На сёньняшні дзень можна казаць аб тым, што ў асяродзьдзі расейскага народу зарадзіўся адносна новы рух, асноўная сутнасьць якога зводзіцца да разьвіцьця расейскай культуры, расейскай мовы, аднаўленьня традыцыйных праваслаўных каштоўнасьцяў, якія панавалі на тэрыторыі Кіеўскай Русі, пасьля — Расейскай імпэрыі», — гаворыцца на сайце інтэрнэт-крамы.

Гэта ня першы выпадак выкарыстаньня ў слонімскай брыгадзе нетрадыцыйных для беларускай арміі сьцягоў.

Імпэрскія сьцягі для навучаньня дзяцей

У лютым 2023 году на базе згаданай 11-й мэханізаванай брыгады пры ўдзеле слонімскай сярэдняй школы № 9 быў створаны дзіцячы вайскова-патрыятычны клюб «Грэнада». Як паведамляла дзяржаўная газэта «СБ. Беларусь сегодня», адбылося гэта пры спрыяньні ўпраўленьня адукацыі Слонімскага раёну і мясцовай япархіі РПЦ. Кіраўніком клюбу «Грэнада» прызначылі пэнсіянэра і падпалкоўніка запасу Віктара Пензу.

Асноўныя задачы, якія ставілі мясцовыя чыноўнікі перад вайскова-патрыятычным клюбам, — фармаваньне «рознабакова разьвітай, маральна сьпелай асобы, выхаваньне высокай грамадзянскай адказнасьці». Праца плянавалася ў кірунках вайскова-гістарычнага краязнаўства і фізычнай падрыхтоўкі.

Няглядзячы на гэта, на фота з трэніровак школьнікаў — удзельнікаў клюбу «Грэнада» можна заўважыць багацьце савецкай і расейскай імпэрскай сымболікі. Часам дзецям дэманструюць нават сымболіку сучаснай расейскай арміі зь літарай Z — сымбалем расейскай агрэсіі супраць Украіны. Дзяцей даволі часта можна заўважыць са сьцягам з выявай Хрыста і надпісам «За веру, цара і сьвятую трыадзіную Русь!».

З гэтым сьцягам школьнікі, напрыклад, маршавалі па цэнтральнай вуліцы Слоніму 9 траўня сёлета, у 2024-м удзельнічалі ў раённым зьезьдзе моладзі і дзяцей «Вэктар на адзінства», у рэспубліканскім спартовым сьвяце «Вытокі» пры ўдзеле Віктара Лукашэнкі, на адкрыцьці стадыёну Слонімскай 11-й мэханізаванай брыгады пры ўдзеле міністра абароны Віктара Хрэніна.

Міністар абароны Віктар Хрэнін паціскае руку кіраўніку вайскова-патрыятычнага клюбу «Грэнада» на фоне сьцяга «За веру, царя и святую триединую Русь!», які трымаюць выхаванцы клюбу на адкрыцьці стадыёну Слонімскай 11-й мэханізаванай брыгады. 23 лістапада 2024 году

Аналягічны сьцяг, з рознымі варыяцыямі надпісаў і бязь іх, выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы на вайне ва Ўкраіне. Напрыклад, 5 красавіка 2022 году пры акупацыі ўкраінскага Херсону менавіта яго ўзьнялі на будынку абласной адміністрацыі — як знак поўнага захопу гораду.

Выява Хрыста на сьцягу старажытная, яе шануюць хрысьціяне ўва ўсім сьвеце, а называецца яна «Спас Нерукатворны». Але, як адзначыў у камэнтары Свабодзе беларускі гісторык Яўген Красулін, зь цягам часу сьцягі з такім абразом пачало выкарыстоўваць у сваіх захопніцкіх войнах Маскоўскае княства, напрыклад Іван IV Жахлівы, а ў часы Расейскай імпэрыі гэты абраз стаў адным з сымбаляў расейскага войска. Новую папулярнасьць сьцягі з выявай «Спаса Нерукатворнага» у Расеі здабылі ў апошнім дзесяцігодзьдзі, асабліва з пачаткам вайны ва Ўкраіне ў 2014 годзе. У тым ліку іх выкарыстоўвалі і прарасейскія сэпаратысты на Данбасе. Як адзначае экспэрт, з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне расейская ўлада ператварыла абраз «Спаса Нерукатворнага» ў сродак вайсковай мабілізацыі.

І сапраўды, Расейская праваслаўная царква і Міністэрства абароны Расеі цяпер называюць «Спаса Нерукатворнага» галоўнай іконай Узброеных сілаў РФ. Адзін з такіх сучасных абразоў, стварэньне якога нібыта прафінансаваў Уладзімір Пуцін, возяць з набажэнствамі для вайскоўцаў па ўсёй Расеі, а яго копіі Пуцін дорыць «вайскоўцам у Херсонскай вобласьці і Луганскай Народнай Рэспубліцы».

Свабода папрасіла пракамэнтаваць выкарыстаньне двух згаданых сьцягоў з абразамі сьвятара беларускага праваслаўнага прыходу Сусьветнага патрыярхату ў Вільні айца Аляксандра Кухту. Ён сам правёў частку свайго дзяцінства ў Слоніме.

«Я, калі быў у Беларусі, назіраў такія сьцягі ў розных патрыятычных клюбах. У бальшыні сваёй яны йшлі з боку Расеі, Расейскай праваслаўнай царквы. Нават больш ад такіх „чарнасоценцаў“, зь якіх, як мне здавалася, усе рагаталі і сьмяяліся. Хто ўсур’ёз мог тады ўспрымаць вось такія сьцягі Расейскай імпэрыі? Але вось як яно абярнулася — вайной».

Суразмоўца задаецца пытаньнем: што тут робяць абразы?

«У маім разуменьні гэта гісторыя не пра абразы, а пра падмену сымбаляў, — кажа айцец Аляксандар Кухта. — Як падчас Другой сусьветнай вайны ў нямецкіх салдатаў-захопнікаў на рамянях былі надпісы „З намі Бог!“. Каб кожны вайсковец ведаў, што справа, якую ён робіць, гэта ня проста гвалт, а нібыта вычын, асьвечаны самім Богам. То бок гэта спроба зрабіць Бога інструмэнтам сваёй прапаганды. Тое ж самае мы назіраем з гэтымі сьцягамі. Спроба зрабіць царкву дзяржаўным дэпартамэнтам духоўнай мабілізацыі, у тым ліку праз такія сьцягі».

Сьвятар называе гэта «блюзьнерствам, якое ніякага дачыненьня да хрысьціянства, да Хрыста і царквы ня мае».

Такія ж сьцягі, што былі заўважаныя ў выкарыстаньні 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады, дэманструюць актывісты расейскага радыкальнага праваслаўнага руху «Сорак саракоў» перад адпраўкай разам з дронамі для дапамогі расейскай арміі на вайне з Украінай.
Такія ж сьцягі, што былі заўважаныя ў выкарыстаньні 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады, дэманструюць актывісты расейскага радыкальнага праваслаўнага руху «Сорак саракоў» перад адпраўкай разам з дронамі для дапамогі расейскай арміі на вайне з Украінай.

«Хрысьціянскія іконы — гэта вобраз любові, самаахвярнасьці, міру. А калі ікону ператвараюць у баявы сьцяг для падрыхтоўкі дзяцей ці выкарыстоўваюць на вайне, як мы цяпер гэта бачым, яна перастае быць іконай. Гэта ўжо ідал, які проста прыкрывае культ сілы», — кажа айцец Аляксандар Кухта.

Паводле гісторыка Яўгена Красуліна, сам выраз «За святую триединую Русь!» на сьцягу адмаўляе суб’ектнасьць і незалежнасьць Беларусі.

«Гэта канцэпцыя часу Расейскай імпэрыі. Расейцы разглядаюцца як адзінства трох народаў: велікаросаў — цяперашнія расейцы, маларосаў — украінцы, і беларусаў. Тое, што ў часы Расейскай імпэрыі падавалі як такое адзінства. І цяпер пад гэтым сьцягам імкнуцца зьліквідаваць Украіну, зьліквідаваць Белаурусь, кансалідаваць рэсурсы для далейшай агрэсіі. Гэты сьцяг пра татальную вайну і вынішчэньне ідэнтычнасьці ўкраінцаў і беларусаў».

Вайсковы пэнсіянэр і слонімская школа

Сярэдняя школа № 9, што далучылася да стварэньня згаданага намі клюбу «Грэнада», месьціцца ў слонімскім мікрараёне, які мясцовыя называюць «Энка» (ад назвы турэцкага будаўнічага падрадніка ENKA). Будаваўся ён ў 1990-я для вайскоўцаў, якіх з распадам Савецкага Саюзу пераводзілі з Усходняй Нямеччыны ў Беларусь. Для дзяцей гэтых вайскоўцаў тут пабудавалі школу.

Свабода пагутарыла з былым жыхаром Слоніму Максімам (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), які нарадзіўся ў гэтым мікрараёне і хадзіў у 9-ю школу ў 2000-х гадах. Ён прыгадаў, як у 1997 годзе з ініцыятывы вайсковага пэнсіянэра Віктара Пензы на базе СШ № 9 стварылі першую ў Беларусі кадэцкую клясу.

Віктар Пенза з выхаванцамі клюбу «Грэнада»
Віктар Пенза з выхаванцамі клюбу «Грэнада»

«У 1990-я і 2000-я гэта нікога не напружвала. Лічылася, што туды ідуць тыя, хто ня здолеў паступіць у іншыя профільныя клясы. У Вайсковую акадэмію заўсёды былі ніжэйшыя прахадныя балы. Можна было пайсьці ў кадэцкую клясу, каб потым трапіць у Вайсковую акадэмію, а затым стаць вайскоўцам і мець адносна высокі заробак. Такі слонімскі сацыяльны ліфт», — тлумачыць суразмоўца.

Як адзначае Максім, на жыцьцё гораду з насельніцтвам пад 45 тысяч чалавек не магло не паўплываць разьмяшчэнне тут амаль 7-тысячнай вайсковай брыгады. Пагатоў недалёка знаходзяцца яшчэ два вайсковыя палігоны, у тым ліку адзін з найбуйнешых у Беларусі Обуз-Лясноўскі палігон. Максім дадае, што не застаўся незаўважаным у горадзе і вывад 11-й брыгады на мяжу з Украінай у 2022 годзе.

«Эканамічны і мэнтальны ўплыў вельмі моцны, бо навокал, напрыклад, ходзяць людзі ў вайсковай форме. У 11-й брыгадзе служаць шмат выпускнікоў Слонімскага кадэцкага корпусу», — дадае былы жыхар Слоніму.

«Праз нашыя дзьверы выйшлі больш за 200 афіцэраў, шмат якія служаць тут, у Слоніме. Траціна мясцовай міліцыі, напэўна, таксама складаецца з нашых выпускнікоў», — апавядаў кіраўнік «Грэнады» Віктар Пенза у інтэрвію дзяржаўнай газэце «СБ. Беларусь сегодня» ў красавіку сёлета.

Віктар Пенза
Віктар Пенза

«Віктар Пенза абсалютна савецкі чалавек, павернуты на расейскасьці, павернуты на царызьме, — дзеліцца з Свабодай былы жыхар Слоніму Максім, які бываў зь Віктарам Пензам на занятках. — Па поглядах ён як Гіркін (камандзір атраду расейцаў, якія захапілі ў красавіку 2014 году горад Славянск у Данецкай вобласьці Ўкраіны, пасьля — „міністар абароны“ так званай „ДНР“. — РС). То бок „мы за моцную трыадзіную Расею“. Я б сказаў, што ён бачыць сваю ролю ў выхаваньні вайсковай расейскай мэнтальнасьці. І ў яго гэта вельмі добра атрымлівалася».

Адзначэньне выхаванцамі «Грэнады» дню мотастралковых войскаў у Слоніме пры ўдзеле вайскоўцаў з 11 брыгады. Школьнікі трымаюць чорна-жоўта-белы сьцяг Расейскай Імпэрыі. 16 верасьня 2023 году
Адзначэньне выхаванцамі «Грэнады» дню мотастралковых войскаў у Слоніме пры ўдзеле вайскоўцаў з 11 брыгады. Школьнікі трымаюць чорна-жоўта-белы сьцяг Расейскай Імпэрыі. 16 верасьня 2023 году

Наш суразмоўца таксама ўзгадвае, што ў клясах, дзе займаліся кадэты яшчэ ў 2000-я, вісеў плякат «За Веру, Царя и Отечество!», але ня ўсе школьнікі разумелі яго сэнс:

«Гэта як плякат „Пачысьці зубы!“ Але, зразумела, калі такі плякат вісіць перад вачыма круглы год, то гэта, напэўна, неяк уплывала на дзяцей. А пасьля вялікая частка зь іх будуе кар’еру ў войску і нават у спэцслужбах».

Выхаванцы «Грэнады» у форме Расейскай імпэрыі на выставе «Вайсковая атрыбутыка» ў Слонімскім краязнаўчым музэі. Разам зь імі Віктар Пенза і вайсковы пэнсіянэр Міхаіл Харчанка. На сьцяне шаўроны расейскай арміі зь літарай Z, дзеці трымаюць расейскі чорна-жоўта-белы імпэрскі сьцяг.
Выхаванцы «Грэнады» у форме Расейскай імпэрыі на выставе «Вайсковая атрыбутыка» ў Слонімскім краязнаўчым музэі. Разам зь імі Віктар Пенза і вайсковы пэнсіянэр Міхаіл Харчанка. На сьцяне шаўроны расейскай арміі зь літарай Z, дзеці трымаюць расейскі чорна-жоўта-белы імпэрскі сьцяг.

Паводле зьвестак «Кібэрпатызанаў», сын Віктара Пензы Андрэй — супрацоўнік упраўленьня вайсковай контравыведкі КДБ (в/ч 64171). Яго можна было пабачыць на кадрах з паседжаньня калегіі Дзяржаўнага памежнага камітэту, прысьвечанага «напружанай» вайскова-палітычнай сытуацыі на межах Беларусі з NATO.

Сам Віктар Пенза прапагандаваў расейшчыну ня толькі ў Слоніме. Прыкладна з 2013 па 2021 год ён працаваў у сярэдняй школе № 35 Берасьця. І там таксама паўдзельнічаў у стварэньні кадэцкага корпусу, які зьвязаў з Аляксандраўскім Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусам часоў Расейскай імпэрыі. З ініцыятывы Пензы ў 2019 годзе аднавілі харугву гэтага вайсковага фармаваньня з імпэрскім арлом. Супраць гэтага беларусы ініцыявалі онлайн-пэтыцыю «Ахаваем кадэтаў Беларусі ад сымбаляў іншай дзяржавы!».

«Ніхто з гэтай харугвай маршаваць ня будзе — гэта толькі музэйны экспанат», — адказаў у 2019 годзе Віктар Пенза ў камэнтары Нашай Ніве.

Віктар Пенза вядзе заняткі зь берасьцейскімі кадэтамі. На сьцяне вісіць адноўленая харугва часоў Расейскай імпэрыі.
Віктар Пенза вядзе заняткі зь берасьцейскімі кадэтамі. На сьцяне вісіць адноўленая харугва часоў Расейскай імпэрыі.

У 2021 годзе Віктар Пенза вярнуўся зь Берасьця ў Слонім і зноў пачаў займацца выхаваньнем дзяцей у школе № 9. У 2022 годзе Лукашэнка выдаў указ аб разьвіцьці вайскова-патрыятычных клюбаў у Беларусі, і ў 2023 годзе пры слонімскай школе адкрыўся клюб «Грэнада», якім кіруе Віктар Пенза. Харугваў з імпэрскім арлом, што выкарыстоўвалі кадэцкія вучэльні на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў часы Расейскай Імпэрыі, цяпер у мясцовых кадэтаў дзьве. Адна зь іх вісіць у школе № 9 побач з сучасным сьцягам слонімскага кадэцкага корпусу з гербам Слоніму.

Першаму намесьніку кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Максіму Рыжанкову пры ўдзеле дырэктаркі слонімскай школы № 9 Сьвятланы Апановіч у 2023 годзе дэманструюць сьцягі, якія выкарыстоўваюць слонімскія кадэты, у тым ліку харугву з імпэрскім арлом.
Першаму намесьніку кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Максіму Рыжанкову пры ўдзеле дырэктаркі слонімскай школы № 9 Сьвятланы Апановіч у 2023 годзе дэманструюць сьцягі, якія выкарыстоўваюць слонімскія кадэты, у тым ліку харугву з імпэрскім арлом.

«А чаго вам так слова „Русь“ перашкаджае?»

Кіраўнік вайскова-патрыятычнага клюбу «Грэнада» Віктра Пенза адмовіўся адказваць на пытаньні Свабоды пра выкарыстаньне расейскіх імпэрскіх сьцягоў у навучаньні беларускіх дзяцей, але запрасіў нас на прыватную размову, «каб вочы ў вочы».

«Калі ўбачыцца — калі ласка, я гатовы паразмаўляць, тлумачыць сваю пазіцыю. У мяне ёсьць пэўныя погляды на гэта. Я ня бачу крыміналу. Русь… А чаго вам так слова „Русь“ перашкаджае? Рускія, украінцы, беларусы — мы што, розныя людзі? Рускія што, ня людзі? А вы людзі? Ладна, ну яго нафіг, я не хачу размаўляць», — сказаў Віктар Пенза.

Журналісты Свабоды таксама дазваніліся ад імя неабыякавага грамадзяніна да намесьніцы дырэктара ў выхаваўчай працы слонімскай школы № 9 Сьвятланы Коваль. Яна сказала, што ніякіх супярэчнасьцяў у выкарыстаньні дзецьмі лёзунгу «За святую триединую Русь!» ня бачыць.

«Ну, па-першае, гэта больш зьвязана зь Беларускай праваслаўнай царквой (Маскоўскага патрыярхату. — РС), бо мы актыўна ўзаемадзейнічаем з слонімскім благачыніем Беларускай праваслаўнай царквы. І ў іх ня толькі гэты сьцяг, у іх ёсьць і іншыя знакі кадэцкай клясы, кадэцкага корпусу», — адказала Сьвятлана Коваль. — Мы саюзная дзяржава з Расеяй, пагадзіцеся. І кадэцкая адукацыя базуецца на нейкіх гістарычных падзеях і гістарычнай пераемнасьці. Мы ўзялі адтуль усё, што было станоўчага, і што адэкватна цяпер у нашых сучасных умовах».

На пытаньне, ці не адмаўляе вокліч «За святую триединую Русь!» самастойнасьць і незалежнасьць Беларусі, Сьвятлана Коваль адказала: «Ну мы ж ня сьцяг расейскі павязалі!»

Протаярэй Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) Вадзім Пятліцкі з слонімскага благачынія, які часта зьяўляецца на мерапрыемствах клюбу і можа мець, як сказала Сьвятлана Коваль, дачыненьне да выкарыстаньня дзецьмі імпэрскай сымболікі, званкі ад Свабоды скідваў ці прапускаў.

Паводле інфармацыі «СБ. Беларусь сегодня», сёньня ў Беларусі дзейнічаюць 67 вайскова-патрыятычных клюбаў, у якіх займаюцца каля дзьвюх тысяч школьнікаў. У Слоніме іх 13, гэта фактычна дваццаць адсоткаў ад агульнай колькасьці такіх клюбаў у краіне. “Грэнада” – адзін зь іх.

«На кагосьці падзейнічае, вядома, хтосьці здольны будзе ўзяць савецкі сьцяг і пайсьці паміраць „за радзіму, за Сталіна“, — адзначае гісторык Яўген Красулін. — А іншыя, як мы бачылі на фатаздымках, могуць пад гэтую кадэцкую ўніформу надзець майкі з Пагоняй. Нармальныя людзі таксама, бывае, зь дзяцінства мараць пра войска, абарону Радзімы. І тут паўстае пытаньне — якую Радзіму яны будуць абараняць? Ці гэта Расейская імпэрыя, ці дэмакратычная Беларусь?».

Радыё Свабода