
Літва і надалей будзе прыкладаць максімальныя намаганні для вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. Пра гэта міністр замежных спраў краіны Кястуціс Будрыс заявіў на сустрэчы з Святланай і Сяргеем Ціханоўскімі.
“Свабодная, дэмакратычная Беларусь, якая паважае правы чалавека, — ключавы інтарэс Літвы”, — перадае словы Будрыса прэс-служба ведамства. Міністр запэўніў у нязменнасці падтрымкі беларускага народа ў яго змаганні за свабоду і дэмакратыю.
З іншага боку Святлана і Сяргей Ціханоўскія падзякавалі Літве за прынцыповую пазіцыю, салідарнасць і ролю ў забеспячэнні ціску на рэжым Лукашэнкі. Паводле іх, гэта адыграла важную ролю ў вызваленні 21 чэрвеня 14 зняволеных.
Разам з тым літоўскі міністр адзначыў, што да развязання праблемы яшчэ далёка. Паводле звестак беларускіх праваабаронцаў, за кратамі ў краіне застаюцца больш за 1170 палітвязняў, а рэальная колькасць можа быць яшчэ большай.
Таксама Будрыс заявіў, што Літва і надалей будзе забяспечваць абарону для беларускіх актывістаў і іх сем’яў, змушаных пакінуць радзіму праз палітычны пераслед.
Літва заклікае да больш жорсткіх міжнародных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні і не пачнуцца рэальныя дэмакратычныя перамены. Таксама ў паведамленні МЗС Літвы падкрэсліваецца, што афіцыйны мінск павінен спыніць падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
