Стала вядома, што палітвязня Мікіту Самарына судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу. Акрамя артыкулу 364 (“гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”) фігуруе артыкул 411 (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”). Імаверна, што 411-ы артыкул з’явіўся ў выніку нежадання Самарына супрацаваць з так званым “следствам”.

Мікіту Самарыну пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

На працэс Самарына прывезлі з штрафнога ізалятару, туды ж яго зноў адправілі пасля паседжання.

Карны працэс пачаўся ў Гародні 2 ліпеня.

Другое паседжанне па судовай справе прызначана на 8 ліпеня.

Напомнім, што ў снежні 2020 года Самарын быў засуджаны да 4 гадоў хіміі за тое, што распыліў газ падчас пікета каля Кастрычніцкага РАУСа Гародні. Аднак пасля прысуд яму замянілі на 2,5 года зняволення ў калоніі. Самарын не пайшоў на апеляцыю і застаўся на свабодзе. Увесь час пасля суда Мікіта хаваўся ад сілавікоў. Быў выпадкова затрыманы 23 сакавіка бягучага году. Пры сабе ў яго не было пасведчання асобы, а дадзеных, якія ён назваў, не было ў базе МУС. Па інфармацыі міліцыі, калі Мікіту сказалі ехаць у РАУС, ён зламаў аднаму з міліцыянтаў руку і паспрабаваў уцячы ад міліцыянтаў праз раку. Але яго дагналі і затрымалі.