Суд далёкага Шаркоўшчынскага раёну чамусці зацікавіўся інстаграм-старонкай гарадзенскага грамадскага актывіста Ежы Грыгенчы. І прадказальна прызнаў гэтую старонку “экстрэмісцкай”. Гэтае рашэнне было прынята 26 чэрвеня 2025 году.

Ежы Грыгенча — вядомы гарадзенскі грамадска-палітычны актывіст, якога раней неаднаразова затрымлівалі судзілі і пераследавалі розным чынам. З 2020 году ён знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. У мінулым лістападзе яго засудзілі да 6 гадоў калоніі завочна па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Карны прысуд аформіў суддзя Васіль Скок, пасля чаго неўзабаве пайшоў на пенсію. Карны вырак: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма, а таксама штраф ажно на 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).

Крыху пазней Грыгенчу ўлады ўнеслі з “спіс экстрэмістаў” і ў “спіс тэрарыстаў”.

Зусім нядаўна ўлады прадалі канфіскаваны аўтамабіль, які належаў Грыгенчу.