Былы старшыня габрэйскай абшчыны і дырэктар ТАА «Гарадзенскае агенцтва нерухомасці» Раман Смірноў выйшаў на волю, паведамілі Hrodna.life. Верагодна, ён быў сярод апошніх вызваленых па памілаванні.

Мужчыну затрымалі ў красавіку 2024 года за каментары ў Telegram-каналах і адпраўку інфармацыі ў чат-боты «Беларусі галаўнога мозгу» і Nexta.

Яго пачалі судзіць у жніўні 2024 года. Мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса «Публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Справу разбіраў суддзя Станіслаў Пранько ў судзе Гарадзенскага раёна. Раней у палітычных працэсах гэты суддзя не фігураваў. Суддзём Гарадзенскага раёну ён быў прызначаны ў лютым 2024 году.

У гонар Дня незалежнасці Лукашэнка памілаваў 16 чалавек. Сярод іх ёсць людзі, якія здзейснілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».