
Нарадзіўся Чэслаў Сенюх у мястэчку Любча 9 ліпеня 1930 года ў простай сям’і беларускіх сялян: ягоная маці Стэфанія была беларускай і паходзіла з вёскі Воўкаразь, што недалёка ад Любчы, а бацька Станіслаў быў родам з Украіны. Бацькі Чэслава пераехалі туды з Кіева ў 1920-я, ратуючыся ад бальшавікоў. Паводле сямейнай легенды, род Чэслава Сэнюха ўзыходзіць да літоўскага гетмана Міколы Сэняўскага.
Бацькі Чэслава добра ведалі польскую, украінскую і беларускую мовы, таму ў сям’і дзеці свабодна валодалі і размаўлялі на беларускай і на польскай мовах. Вучыўся Чэслаў у беларускай сямігадовай школе ў Любчы.
У 1941 годзе бацька памёр у турэмным лагеры пад Новасібірскам, куды быў вывезены перад вайной у 1940 годзе як «вораг народа», і сям’я засталася без бацькі і гаспадара. Падчас вайны Чэслаў Сэнюх быў у Саюзе беларускай моладзі.
У 1945 годзе сям’я Сэнюхаў пераехала ў Польшчу — спачатку ў Беласток, дзе ў 1950 годзе Чэслаў скончыў Беластоцкі ліцэй імя Жыгімонта Аўгуста, а потым ён паехаў у Варшаву, дзе паступіў на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэту, якое скончыў у 1954 годзе.
Працаваць пачаў адразу дыктарам і рэдактарам на польскім радыё. У час работы ў польскай рэдакцыі радыё «Масква» займаўся перакладамі з усходнеславянскіх моў. Рэдагаваў рускамоўны дадатак да польскага штотыднёвіка «Przyjazn» з урокамі польскай мовы для рускіх чытачоў, працаваў у рэдакцыі Варшаўскай кінастудыі дакументальных фільмаў.
Пэўны час Чэслаў Сенюх быў галоўным рэдактарам часопіса «Tlumacz» пры таварыстве польскіх перакладчыкаў.
З пачаткам перакладніцкай дзейнасці пачаў выступаць з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі на беларускія тэмы на старонках перыядычных выданняў «Gazeta Polska», «Oboz», «Czasopis», «Magazyn Literacki», “Наша слова”, “Ніва”, “Літаратура і мастацтва” і іншых.
У верасні 1998 года Чэслаў Сэнюх напісаў заяву з просьбай лічыць сябе грамадзянінам БНР.
У 2009 годзе выйшаў дакументальны фільм «Беларусь пад нямецкай акупацыяй. 1941—1944», дзе Чэслаў Сэнюх здымаўся як сведка тых падзей.
Чэслаў Сэнюх працаваў у беларускай службе Польскага Радыё[7].
