37-гадовы выпускнік гістарычнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўген Шляхцёнак засуджаны да тэрміну ў калоніі.

У Гарадзенскім абласным судзе адбыўся разгляд справы Яўгена Шляхцёнка, супрацоўніка Мастоўскага ваенкамата. 37-гадовага жыхара вёскі Вялікія Сцяпанішкі судзілі па трох палітычных артыкулах:

уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання (ч. 3 арт. 361-1)

заклікі да дзеянняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361)

садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1. арт. 361-4).

Па самым цяжкім з гэтых артыкулаў яму пагражала ад 4 да 12 гадоў калоніі.

Мяркуючы па інфармацыі з сацсетак, Шляхцёнак нарадзіўся ў Краснасельскім у Ваўкавыскім раёне. Вучыўся на настаўніка гісторыі ў Гарадзенскім дзяржаўным ўніверсітэце. Працаваў зваршчыкам і на СТА. У 2015 годзе ўладкаваўся ў ваенкамат Мастоўскага раёна, дзе займаўся ўлікам афіцэраў запасу.

Апошні раз Яўген быў анлайн у кастрычніку 2024 года.

Прысуд набыў моц, 11 ліпеня 2025 года Шляхцёнка ўключылі ў спіс «экстрэмістаў».