
Наваградак. Памятны знак на адным з месцаў расстрэлу яўрэяў з Навагрудскага гета. Архіўнае фота
Падпісана пагадненне аб стварэнні першага музея Халакосту ў Беларусі. Беларускі музей Халакосту і супраціву будзе размешчаны ў Наваградку, дзе падчас нацысцкай акупацыі былі забітыя 11 000 яўрэяў, піша «Радыё Свабода».
Музейная ўстанова ў Наваградку ўшануе памяць 11 000 яўрэяў — ахвяр нацысцкіх распраў, і 250 вязняў гета, якія пракапалі сабе шлях да свабоды.
Пагадненне 10 ліпеня 2025 года падпісалі Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускі фонд міру і Наваградскі раённы выканаўчы камітэт.
У Наваградку адбыўся надзвычайны акт яўрэйскага супраціву. 26 верасня 1943 года 250 вязняў здзейснілі найбольш маштабныя ў акупаванай нацыстамі Еўропе дакументаваныя ўцёкі з гета, таемна выкапаўшы за пяць месяцаў 250-метровы тунэль.
Многія ўцекачы далучыліся да партызанскага атрада Тувэ Бельскага — адзінага цалкам яўрэйскага партызанскага атрада ў Беларусі, які вёў з ляснога лагера ў Налібоцкай пушчы барацьбу з нацыстамі і выратаваў больш за 1200 яўрэяў.
Вядома, што музей будуць ствараць на тэрыторыі былога яўрэйскага гета ў Навагрудку, побач з цяперашнім Музеем яўрэйскага супраціву ў гістарычных будынках. Пра час адкрыцця пакуль не паведамляюць.
