Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў выпусціў анталогію класічнай беларускай турэмнай паэзіі «Вершы на волю». Укладальнік кнігі – літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч. Першы продаж выдання адбудзецца на фестывалі «Тутака» на Падляшшы, піша Bellit.info.

Кніга «Вершы на волю» змяшчае паэтычныя творы, напісаныя ў турэмным зняволенні, ва ўмовах катаргі, лагеру, высылкі, чакання рэабілітацыі і перагляду крымінальных спраў. Храналагічна тэксты ахопліваюць амаль больш як 100-гадовы перыяд неперарыўнай традыцыі і вымушанага развіцця беларускай турэмнай паэзіі: ад філамацкіх 1820-х, калі ў Вільні былі зняволеныя Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан — аж да гулагаўскай лірыкі асуджаных неўзабаве пасля заканчэння ІІ сусветнай вайны.

Кнігу ўжо можна набыць ва ўрочышчы Барык непадалёк Гарадка ў час фестывалю TUTAKA.