Пасля прылёту ў Літву дрона з тэрыторыі Беларусі тут зноў агучылі ідэю стварыць “дронавую заслону”.

З такім заклікам да краін рэгіёну звярнуўся прадстаўнік Еўракамісіі і былы прэмʼер-міністар Літвы Андрус Кубілюс. Таксама ён прапануе наладзіць масавую вытворчасць беспілотнікаў.

Кубілюс прапануе ўмацоўваць усходнюю мяжу Літвы наступным чынам:
— будаваць фізічныя перашкоды;
— ствараць сістэмы процідронавай абароны;
— рыхтаваць каманды спецыялістаў, здольных хутка вырабляць дроны.

Размовы пра дронавую заслону вядуцца ўжо больш за год. Але Брусель сёлета ў сакавіку адмовіў Эстоніі і Літве, якія прасілі грошай на яе стварэнне.

Расейскі беспілотнік “Гербера” прыляцеў на тэрыторыю Літвы з Беларусі 10 ліпеня і ўпаў недалёка ад мяжы. Пачаткова літоўцы падазравалі, што гэта дрон “Шахед”, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.