
105 гадоў таму (15 ліпеня 1920 года) – У Баку ў турме чэкістамі расстраляны Мацей Сулькевіч, вайсковы начальнік, дзеяч татарскага нацыянальнага руху ў Крыме. Нараджэнец в. Кямейшы (Вараноўскі р-н).
Мацей Сулькевіч нарадзіўся ў сям’і нашчадкавых шляхцічаў Віленскай губерні, паводле нацыянальнасці — беларускі татарын. Яго бацька, Аляксандр Сулькевіч, даслужыўся да чыну падпалкоўніка ў гусарскім палку.
Будучы нашчадкам татарскіх арыстакратычных сем’яў ВКЛ, Мацей Сулькевіч прысвяціў сваё жыццё ваеннай кар’еры. Атрымаўшы агульную адукацыю ў Варонежы паступіў у Міхайлаўскае ваеннае вучылішча ў Пецярбургу.
Потым служыў у расейскім войску.
У 1918 годзе Мацей Сулькевіч прыехаў у Крым, дзе стаў прэм’ер-міністрам, міністрам унутраных і ваенных спраў першага Крымскага краявога ўраду.
Мацей Сулькевіч прызначыў Асана Сабры Айвазава (1878—1938) паслом Крыма ў Асманскай імперыі і наладзіў сувязі з мусульманскімі краінамі, утворанымі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Вядомы ў Крыме як Сулейман-паша. Імкнуўся склікаць Крымскі курултай (устаноўчы збор), які б абвясціў стварэнне крымскататарскай дзяржавы.
Пасля сыходу з Крыма нямецкіх акупацыйных войскаў урад Сулькевіча 15 лістапада 1918 года перадаў уладу другому Крымскаму краявому ўраду.
У снежні 1918 года Мацей Сулькевіч прыбыў у Азербайджан, дзе быў вядомы як Мамед-бек. Камандаваў 1-м Мусульманскім корпусам. У сакавіку 1919 года загадам № 147 па ваенным ведамстве генерал-лейтэнант Сулькевіч быў прызначаны начальнікам Генеральнага штаба ўзброеных сіл Азербайджану. Мар’ям, жонка Мацея Сулькевіча, працавала ў школе для дзяўчын гаджы Тагіева і была актыўнай у Дабрачыннай арганізацыі бакінскіх мусульманак. Мацей Сулькевіч згуляў вялікую ролю ў стварэнні ваеннага саюза паміж Грузіяй і АДР.
У траўні 1920 года Мацей Сулькевіч быў арыштаваны ВЧК. Апошнія дні перад расстрэлам ён правёў у Баілаўскай турме. 15 ліпеня Сулькевіч быў расстраляны за «контррэвалюцыйную дзейнасць». Мамед Эмін Расулзадзэ ўспамінае ў сваёй кнізе:
…Чалавек, які сядзеў разам з ім, Мехмедам Алі бекам, казаў: «Генералу загадалі ісці за чэкістамі. Мы зразумелі, што надышоў яго час смерці. Мы не адважваліся паглядзець яму ў вочы, не маглі знайсці патрэбных словаў. Генерал Сулькевіч апярэдзіў нас, сказаўшы, ціхім, але ўпэўненым голасам, словы, якія я ніколі не забуду: „Шчаслівы, што паміраю салдатам мусульманскага войска. Бывайце!“
