Група незалежных экспертаў ААН 16 ліпеня выступіла з заявай, у якой заклікала да неадкладнага пачатку эфектыўнага і празрыстага расследавання смерцяў людзей, пазбаўленых волі за выказванне палітычнага іншадумства ў Беларусі. Паводле звестак “Вясны”, восем палітвязняў памерлі ў беларускіх турмах, вядома пра адзін выпадак самагубства. Эксперты ААН накіравалі ліст беларускім уладам, звяртаючы іх увагу на асцярогі з нагоды магчымых грубых парушэнняў правоў чалавека ў сувязі са смерцямі палітвязняў у месцах пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце арганізацыі.
“За апошнія чатыры гады некалькі чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі, памерлі ў месцах пазбаўлення волі або неўзабаве пасля вызвалення”, − адзначылі эксперты.
Яны адзначылі, што гэтыя смерці адбываюцца на фоне пастаянных паведамленняў аб жорсткім абыходжанні з людзьмі, пазбаўленымі волі за выказванне нязгоды з уладамі, у тым ліку з удзельнікамі пратэстаў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
“У выпадку наступлення смерці ў зняволенні прэзумпцыя адвольнага пазбаўлення жыцця можа быць аспрэчаная толькі на падставе належнага расследавання”, − падкрэслілі эксперты.
У ААН нагадалі, напрыканцы траўня 2025 года стала вядома, што ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове ва ўзросце 61 года памёр бізнесовец Валянцін Штэрмер. Ён быў асуджаны за крытычныя выказванні пра ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну. Нягледзячы на ягоны цяжкі стан здароўя, адміністрацыя папраўчай установы жорстка абыходзілася з ім і адмаўляла ў належнай медычнай дапамозе. Чатыры гады таму, у траўні 2021 года, у той жа калоніі ў падазроных абставінах ва ўзросце 50 гадоў памёр Вітольд Ашурак, апазіцыйны актывіст і сябра партыі “Беларускі народны фронт”. Смерць наступіла неўзабаве пасля таго, як яго перавялі ў калонію і змясцілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). Ён быў асуджаны за парушэнне грамадскага парадку.
16 чэрвеня 2025 года эксперты накіравалі ліст беларускім уладам, звяртаючы іх увагу на асцярогі з нагоды магчымых грубых парушэнняў правоў чалавека ў сувязі з гэтымі двума смерцямі. Эксперты нагадалі, што ў 2023 годзе яны звярталіся да ўрада з лістом пра смерць мастака Алеся Пушкіна падчас адбыцця ім пакарання ў турме № 1 у Гродне, як мяркуецца, пасля таго, як яму было адмоўлена ў своечасовай медычнай дапамозе. Адказу на гэты ліст, у якім утрымлівалася просьба правесці расследаванне смерці Пушкіна, атрымана не было.
“Надзвычай важна належным чынам расследаваць паведамленні аб жорсткім і грэблівым абыходжанні, што прывялі да смерцяў Штэрмера, Ашурка, Пушкіна ды іншых людзей, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі, − адзначылі эксперты. − Ёсць важкія падставы меркаваць, што гэтыя людзі маглі пазбавіцца жыццяў у адплату за законнае ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, такіх як права на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў”.
Акрамя гэтага, эксперты дадалі, нагадаўшы, што яны неаднаразова заклікалі Беларусь прывесці сваю прававую базу па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам у адпаведнасць са сваімі абавязальніцтвамі паводле міжнароднага права правоў чалавека:
“Мы таксама занепакоеныя тым, што ўлады таўруюць некаторых з гэтых людзей як экстрэмістаў або тэрарыстаў”.
Спецыяльныя дакладчыкі/незалежныя эксперты/працоўныя групы − гэта незалежныя эксперты па правах чалавека, прызначаныя Радай па правах чалавека ААН. Разам гэтыя эксперты называюцца спецыяльнымі працэдурамі Рады па правах чалавека. Эксперты спецыяльных працэдур працуюць на добраахвотнай аснове; яны не з’яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць заробак за сваю працу. Хоць офіс ААН па правах чалавека выступае ў якасці сакратарыята спецыяльных працэдур, эксперты выступаюць у сваёй асабістай якасці і не залежаць ні ад якога ўрада ці арганізацыі, уключна з УВКПЧ і ААН. Любыя прадстаўленыя погляды або меркаванні належаць выключна аўтару(ам) і не абавязкова адлюстроўваюць пункт гледжання ААН або УВКПЧ.