
На прадпрыемстве “Гродна Азот» пракаментавалі нядаўнюю пастанову суда Еўразвяза, які адмовіўся зняць санкцыі з прадпрыемства, і заявілі, што гэтыя санкцыі цяпер больш шкодзяць еўрапейскай эканоміцы, чым заводу, піша БелТА.
На “Гродна Азоце” лічаць, што санкцыі ЕЗ у дачыненні да прадпрыемства і яго філіяла «Завод Хімвалакно» ўведзеныя незаконна і без належных абгрунтаванняў.
“Гродна Азот” працягне дамагацца зняцця санкцыйных абмежаванняў усімі законнымі спосабамі, заявілі на прадпрыемстве.
Нагадаем, 3 ліпеня Суд Еўрапейскага Звяза адхіліў апеляцыю прадпрыемстваў “Гродна Азот” і яго філіяла “Завод Хімвалакно” аб выключэнні іх з санкцыйных спісаў ЕЗ.
Даныя санкцыі накіраваныя супраць асоб і арганізацый, вінаватых у сур’ёзных парушэннях правоў чалавека або якія падтрымліваюць аўтарытарны рэжым.
“Гродна Азот” і “Хімвалакно” трапілі пад меры замарожвання актываў і забароны эканамічнага ўзаемадзеяння на падставе таго, што з’яўляюцца дзяржаўнымі прадпрыемствамі і ўяўляюць сабой значную крыніцу даходаў для лукашэнкаўскай улады.
“Гродна Азот” настойвае, што абавязковыя выплаты ў бюджэт — гэта падаткі, а не форма падтрымкі рэжыму. Аднак Суд ЕЗ з гэтым не пагадзіўся.
