16 ліпеня персанал Беларускай АЭС адключыў ад сеткі другі энергаблок станцыі.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі, на станцыі спрацавала сігналізацыя пра адхіленні ў працы сістэмы ахалоджвання генератара. Гаворка ідзе пра неядравую частку блоку.

У ведамстве называюць сітуацыю штатнай і кажуць, што яна не нясе пагрозы бяспечнай эксплуатацыі станцыі. “Радыяцыйны фон на АЭС і ў зоне назірання не змяняўся. Электразабеспячэнне спажыўцоў не парушалася”, — адзначаюць у Мінэнерга.

На другім энергаблоку цяпер праводзяцца неабходныя дыягнастычныя мерапрыемствы для аднаўлення працы электратэхнічнага абсталявання.