МУС 15 ліпеня прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» аб’яднанне «Аўтаномнае дзеянне» — яно стала 300-м, што з’явілася ў адпаведным спісе на сайце ведамства. Паводле МУС, дачыненне да аб’ядання маюць палітвязні Мікола Дзядок і Аляксандр Францкевіч. У спісе «датычнага» да «экстрэмісцкага фармавання» асабістыя сацсеткі Міколы.

А КГБ па сваёй завядзёнцы абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — у ім з’явіліся прозвішчы яшчэ пятнаццаці чалавек.

Гэта Вадзім Жукоўскі, Аляксандр Машукоў, Яўген Шляхцёнак, Дзмітрый Чыслоў, Вольга Капуза, Дзмітрый Капуза, Уладзімір Капуза, Вадзім Дзенісевіч, Дзяніс Раманчук, Яўген Сарока, Іван Качанаў, Аляксандр Сырыца, Валянціна Коўзель, Дзмітрый Шахноў, а таксама вызвалены па памілаванні грамадзянін Эстоніі Алан Роя.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1318 чалавек, з іх 622 — беларусы.