
Журналіст і палітвязень Дзяніс Івашын і ягоная жонка Вольга маглі б адзначыць шостую гадавіну вяселля. Але іх сям’я пражыла разам толькі два няпоўныя гады. Дзяніса арыштавалі, не даўшы адсвяткаваць другую гадавіну шлюбу. Вольга прызнаецца, за час зняволення мужа яна перастала будаваць у марах замкі на пяску. Пра сваё жыццё ў чаканні распавядае жонка палітзняволенага журналіста ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Ці ўвогуле думала ты, што так надоўга яго арыштуюць?
Вольга Івашына: Вядома, што разглядалі розныя варыянты, тым больш, калі даведаліся, у чым абвінавачваюць, якія тэрміны ў артыкуле ўпісаныя. Спадзяваліся, канешне, што так доўга гэта не зацягнецца, але ёсць, як ёсць
РР: Давай узгадаем больш прыемнае. Як вы пазнаёміліся?
Вольга Івашына: Гэтая гісторыя ўжо была нават апісаная. Вартая нават нейкага кінематаграфічнага высілку. У 2014 годзе, я жыла тады ў Гародні, і ў самым пачатку вайны паміж Украінай і Расеяй вырашыла падтрымаць украінцаў і раскладвала на аўтамабілі з расейскімі нумарамі ўлёткі. І аднойчы мяне затрымалі, пра гэта напісалі ўсе СМІ, прычым, з розных краінаў. Дзяніс прачытаў, даведаўся і ажно зацікавіўся, хто ж гэта дзяўчына. У Гародні актывістаў шмат, але ўсе адзін аднаго ведаюць, а тут нейкая невядомая. Я яму спадабалася і ён вырашыў мяне знайсці, знайшоў праз фэйсбук. І потым мы ўжо сустрэліся. Ён на судзілішча, якое адбывалася нада мной, прыйшоў падтрымаць. Вось з гэтага ўсё і пачалося.
РР: Вяселле ў вас было ў беларускіх строях?
Вольга Івашына: Так. Мы іх шылі адмыслова, каб памяць на ўсё жыццё была.
РР: Памятаеш той дзень, калі арыштавалі Дзяніса, твае эмоцыі?
Вольга Івашына: Першае, канешне, шок. Хоць вядома было, што такое магло здарыцца. Але тым не менш, у сам момант перажываеш шок. Пасля, ужо калі я прыехала дадому і пачаўся ператрус у хаце, даволі ўсё культурна было, але было непрыемна і агідна было глядзець на гэтых служак. Яны мяне пагражалі забраць таксама, там ужо і да злосці даходзіла, але стрымалася. Не паддалася на правакацыю.
РР: Твой ад’езд, наколькі было цяжка вырашыцца на ад’езд з Беларусі?
Вольга Івашына: Я да апошняга не хацела. Увогуле мне Дзяніс праз пару месяцаў пасля арышту пачаў пісаць, перадаваць іншым чынам: з’язджай, каб на мяне не ціснулі тваім арыштам. Але я ўсё цягнула, я хацела на судзілішча над ім схадзіць, падтрымаць яго, як ён мяне ў свой час. Але зрабілі закрытымі паседжанні. Ніводнага спаткання нам так і не далі за гэты час. А пасля ўжо амаль праз год зацікавіўся следчы мною. І выклікаў мяне позвай у якасці сведкі. Сведкі ў нас часта чамусьці таксама сядаюць пасля гэтага. Таму вырашыла не правяраць лёс. І не пайшла. Выехала спакойна, у нас з Дзянісам былі візы, акурат заканчваліся. Але паспела выехаць.
РР: Можаш апісаць гэтае адчуванне чакання Дзяніса? Як ты спраўляешся?
Вольга Івашына: Стараюся акурат не паддавацца эмоцыям, хоць гэта не заўсёды працуе. Спрабую найперш рацыяналізаваць, то бок, чакаю і нейкіх шукаю магчымасцяў яго выцягнуць хутчэй. У мяне няма такіх магчымасцяў, але, прынамсі, тая справа, якой я займаюся, зрабіць нейкія высілкі дзеля гэтага, вось гэта трохі адцягвае ўвагу, плюс праца і нейкія актыўнасці. І гэта адцягвае ўвагу і стараешся пра гэта проста не думаць.
Беларускае Радыё Рацыя
