95 гадоў таму (1930) – У Ленінградзе па справе так званага “Саюзу вызвалення Беларусі” арыштаваны Алесь Ляжневіч (нарадзіўся ў 1890 г. у в. Сенцяняты, Смаргонскі р-н), беларускі культурны дзеяч, драматург.

У 1914 годзе быў мабілізаваны ў царскую армію. Яфрэйтар 8-га пяхотнага Эстляндскага палка, 27 верасня 1915 года быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжом 4-й ступені, ваяваў на Румынскім фронце.

У 1917—1920 гадах у Адэсе ў Чырвонай Арміі, працаваў у абласным тэатры, быў акторам бежанскай суполкі «Беларускі гай». Вучыўся ў прыватнай тэатральнай школе. З 1920 г. у Менску, актор БДТ-1, у 1921 — яго дырэктар. У 1922—1926 гадах у Маскве, дырэктар беларускай студыі Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва, затым працаваў інспектарам Наркамасветы БССР па справах мастацтва. Публікаваўся з 1924 года. Разам з Янкам Купалам і Цішкам Гартным уклаў анталогію «Беларускі дэкламатар Чырвоны Дудар» (1924).

Сябра ККП (б) з 1919 года. У 1924 годзе падчас партыйнай чысткі быў выключаны з партыі з прычыны «адарванасці ад мас і палітычнай непісьменнасці».

З кастрычніка 1927 года кансультант, асістэнт рэжысёра на кінафабрыцы “Савецкая Беларусь” у Ленінградзе.

10.4.1931 пастановай Калегіі ОГПУ СССР высланы на 5 гадоў у Пашахонне-Валадарск (Яраслаўская вобласць). Арыштаваны паўторна ў 1937 годзе. Расстраляны НКВД. Рэабілітаваны 15.11.1957 года.