У Беластоку ўвечары 25 ліпеня прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі палітвязнямі, зняволенымі ў лукашэнкаўскіх калоніях і турмах. На акцыю разам з журналістамі прыйшло каля 30 чалавек. Выступоўцы расказвалі пра сітуацыю з Анджэем Пачобутам і іншымі палітвязнямі і трымалі партрэты зняволеных. На жаль, сітуацыя з вызваленнем палітвязняў выглядае пакуль малааптымістычна.

Анджэй Пачобут у зняволенні ўжо 4 гады і 4 месяцы. 25 сакавіка 2021 году Анджэй Пачобут быў затрыманы ў Гародні і кінуты ў турму. Пазней журналіста і дзеяча Саюзу палякаў у Беларусі засудзілі да вялікага тэрміну зняволення – 8 гадоў. Цяпер ён па-ранейшаму ў Наваполацкай калоніі.