
Праз амаль два тыдні прастою другі энергаблок Астравецкай атамнай станцыі (БелАЭС) быў уключаны ў сетку. Пра гэта 28 ліпеня заявілі ў Міністэрстве энергетыкі Беларусі.
У ведамстве адзначылі, што другі энергаблок БелАЭС уключаны ў сетку пасля завяршэння тэхналагічных аперацыяў для аднаўлення працы сістэмы астуджэння генератара. Цяпер ён працуе на намінальнай магутнасці.
Персанал АЭС адключыў ад сеткі другі энергаблок станцыі 16 ліпеня, бо спрацавала сігналізацыя. Гэта адбылося з прычыны адхілення ў працы сістэмы астуджэння генератара – няядравай часткі блоку. Радыяцыйны фон на АЭС і ў зоне назірання не змяняўся.
Другі энергаблок Беларускай АЭС адключалі 4 снежня 2024 года і ўключылі толькі 23 студзеня 2025-га. Тады ўлады не патлумачылі, чаму гэта адбылося, а на АЭС прызналі адключэнне толькі 19 снежня. Тады крыніцы расказалі журналістам, што, верагодна, адключэнне было звязанае з спрацоўваннем абароны праз няспраўнасць (парушэнне герметычнасці) першага контуру.
