
У Беларусі працягваюцца затрыманні па крымінальнай справе, звязанай з маніторынгавым праектам “Беларускі Гаюн”.
Як паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на былых вязняў Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляе пра мінімум 33 пацверджаных (!) фігурантаў “справы Гаюна”, узятых пад варту. Агульная лічба затрыманых значна большая. Толькі ў СІЗА Берасці ў траўні было да 50 чалавек, затрыманых па “справе Гаюна”. Дакладна некалькі такіх зняволеных і ў Гародні.
Па гэтай справе ўжо ідуць суды — вядома як мінімум пра шэсць судовых працэсаў.
“Беларускі Гаюн” — маніторынгавы праект, які адсочваў вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі прызнаў яго “экстрэмісцкім”. У лютым 2025 года сілавікі атрымалі доступ да даных чатаў “Беларускага Гаюна”, пасля чаго кіраўнік праекта Антон Матолька абвясціў пра яго закрыццё. Затрыманні па “справе Гаюна” працягваюцца дагэтуль.
