
З 1 жніўня бюджэт пражыткавага мінімуму ў Беларусі вырасце на 5,4 %. Да яго прывязаныя розныя надбаўкі і падвышкі, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты.
Міністэрства працы Беларусі паведаміла вечарам 29 ліпеня пра падвышэнне бюджэту пражыткавага мінімуму. З 1 жніўня па 31 кастрычніка бюджэт пражыткавага мінімуму складзе:
487,72 рубля ў сярэднім на душу насельніцтва;
523,92 рубля для працаздольнага насельніцтва;
357,03 рубля для пенсіянераў;
301,5 рубля для дзяцей да 3 гадоў;
406,1 рубля для дзяцей ад 3 да 6 гадоў;
476,97 рубля для дзяцей ад 6 да 18 гадоў.
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва падвысілі на 5,4 % – паднялі на 25,14 рубля. Ад 1 траўня БПМ у сярэднім быў роўны 462,58 рубля. Паводле курсу на 29 ліпеня, БПМ у сярэднім на душу насельніцтва складзе пасля падвышэння 161,5 долара.
Да БПМ прывязаныя розныя выплаты і надбаўкі, прыкладам стыпендыі, выплаты па нараджэнні дзяцей або дадаткі да пенсіяў. БПМ разлічваюць паводле цэнаў на мінімальны набор прадуктаў харчавання і дадаюць на нехарчовыя тавары і паслугі 83 % ад кошту таго прадукту.
