
Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на жнівень 2025 году.
1 жніўня
505 гадоў таму (1520) – У Кракаве нарадзіўся Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь ВКЛ і кароль польскі ў 1548-72 гг., фармальна з 1529 г.

3 жніўня
555 гадоў таму (1470) – Заснаваны Жыровіцкі манастыр.

410 гадоў таму (1615) – У Брэслаў (цяпер Уроцлаў, Польшча) памёр Крыштап Мікалай Дарагастайскі, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, заснаваньнік друкарні ў Ашмяне Мураванай.
5 жніўня
110 гадоў таму (1915) – У в. Парэчча (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Пётр Башко, беларускі настаўнік, педагог.
6 жніўня
505 гадоў таму (1520) – Нарадзілася Барбара Радзівіл, вялікая княгіня літоўская, каралева польская ў 1550-51 гг. Жыла ў Геранёнах з 1538-га па 1542 г.

310 гадоў таму (1715) – У в. Гембулы (Лідзкі пав.) нарадзіўся Мацей Догель, гісторык-археограф, правазнавец.
60 гадоў таму (1965) – У мяст. Бобр (Крупскі р-н) нарадзіўся Алесь Пушкін, беларускі мастак, грамадскі дзеяч, палітвязень. Закатаваны ў гарадзенскай турме.

7 жніўня
145 гадоў таму (1880) – У Слоніме нарадзіўся Гальяш Леўчык (паводле інш. зьв. 20 ліп., сапр. Ілья Ляўковіч, памёр з голаду ў верас. 1944 г. у Варшаве), беларускі паэт, асьветнік, калекцыянер.

30 гадоў таму (1995) – У Менску памёр Максім Танк (сапр. Яўген Скурко), беларускі грамадзкі дзеяч, паэт, удзельнік заходнебеларускага руху. Пахаваны ў в. Пількаўшчына (Мядзельскі р-н).

9 жніўня
Сусьветны дзень карэнных народаў.
175 гадоў таму (1850) – У г. Намыслаў (Сілезія) нарадзіўся Рудольф Абіхт, нямецкі вучоны-славіст. У 1917-18 гг. выкладаў у Сьвіслацкай настаўніцкай семінарыі беларускую мову.

135 гадоў таму (1890) – У в. Чамяры (Слонімскі р-н) нарадзіўся Максім Бурсевіч, дзеяч заходнебеларускага руху, актывіст Грамады.

115 гадоў таму (1910) – У маёнтку Жлобаўцы (Ваўкавыскі р-н) нарадзілася Ларыса Геніюш (дзявочае Міклашэвіч), беларуская паэтка, вязень ГУЛАГу.

11 жніўня
30 гадоў таму (1995) – У Гётэборгу (Швецыя) на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы Уладзімір Дуброўшчык здабыў сярэбраны медаль у кіданні дыску.

14 жніўня
640 гадоў таму (1385) – Падпісана Крэўская ўнія – дамова аб зьвязе ВКЛ і польскага каралеўства.

Крэўскі замак
135 гадоў таму (1890) – У в. Сёгда (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Аляксандр Сак, беларускі культурны дзеяч, паэт, каталіцкі сьвятар. Расстраляны НКВД у Менску (меркавана 26.08.1937).
40 гадоў таму (1985) – У Крэўскім замку і на Янавай гары пад Крэвам інтэлігенцыя зь Менску, Маладэчна, Гародні адзначыла 600-ыя ўгодкі Крэўскай уніі.
15 жніўня
245 гадоў таму (1780) – У в. Малая Бераставіца (Бераставіцкі р-н) нарадзіўся Ігнат Анацэвіч, беларускі гісторык, археограф, педагог.

90 гадоў таму (1935) – У в. Пятралевічы (Слонімскі р-н) нарадзілася Тамара Талерчык (дзявоч. Падкевіч), беларуская настаўніца, актывістка ТБМ.
21 жніўня
165 гадоў таму (1860) – Памёр Канут Русецкі (нар. у 1801 г. у в. Сьцебякай, Летува), мастак, педагог, які працаваў у Беларусі, напісаў шэраг краявідаў Наваградку, Ашмяншчыны.
22 жніўня
370 гадоў таму (1655) – У час вайны Гародня, спустошаная пажарам. Была захоплена расейскім войскам. Акупацыя доўжылася да 1659 г.
23 жніўня
Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.
25 жніўня
115 гадоў таму (1910) – У г. Барань (Аршанскі р-н) нарадзіўся Уладзімір Корбан, беларускі пісьменьнік, байкапісец, перакладнік. У 1946-48 гг. жыў і працаваў ў Лідзе.

28 жніўня
385 гадоў таму (1640) – У Рыме памёр Рафал (Мікалай) Корсак (нар. каля 1595 г. на Наваградчыне), уніяцкі царкоўны дзеяч.
135 гадоў таму (1890) – У Рушчанах (Віленшчына) нарадзіўся Язэп Рэшаць, беларускі рэлігійны і культурна-асьветніцкі дзяяч, каталіцкі сьвятар, доктар філасофіі і тэалогіі. Служыў у Гародні вікарыем.
110 гадоў таму (1915) – У в. Бойдаты (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Часлаў Найдзюк, беларускі грамадзкі дзеяч, пасьля другой сусьветнай жыў у Лос-Анджэласе (ЗША).
75 гадоў таму (1950) – У савецкім канцлягеры Караганды загінуў Адам Чабоцька (у іншых крыніцах Шабоцька, нар. у 1923 г. у в. Католышы, Наваградзкі р-н), сябра Саюзу Вызваленьня Беларусі, удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля. Пахаваны на лягерных могілках.
29 жніўня
55 гадоў таму (1970) – У в. Махро (Янаўскі р-н, Берасьцейская вобл.) нарадзіўся Эдуард Мазько, беларускі паэт, гісторык. Вучыўся, жыў і працаваў у Гародні.

30 жніўня
Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных зьнікненьняў.
170 гадоў таму (1855) – У Наваградку памёр Юльян Корсак, паэт, перакладнік. Нараджэнец Слоніму. Пахаваны ў капліцы ў родавым маёнтку Страла (Дзятлаўскі р-н).
110 гадоў таму (1915) – У в. Глоўсевічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Іван Хомчык, удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля на Слонімшчыне ў 1946-47 гг.
31 жніўня
190 гадоў таму (1835) – У Сьмірне (Турцыя) памёр Людвік Міхал Пац, вайсковы дзеяч, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг. Валодаў маёнткам Ражанка (Шчучынскі р-н), меў палац у Гародні.

