Дрон, што прыляцеў з Беларусі, знойдзены ў Літве 1 жніўня. Фота: Довіле Шакаліене / Facebook

Міністэрства замежных справаў Літвы выклікала да сябе прадстаўніка амбасады Беларусі ў Літве і ўручыла яму ноту, у якой выказваецца рашучы пратэст у звязку з незаконным пранікненнем у паветраную прастору Літвы беспілотніка з Беларусі 28 ліпеня. Пра гэта паведамляе МЗС Літвы.

«1 жніўня Вайскова-паветраныя сілы Літвы пацвердзілі, што лятальны апарат знаходзіўся на навучальным палігоне Гайжунай у Ёнаўскім раёне, на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Міністэрства замежных справаў запатрабавала ад Рэспублікі Беларусь неадкладнага і падрабязнага тлумачэння гэтага інцыдэнту і перадухілення любых далейшых парушэнняў», – адзначыла МЗС Літвы.

Дрон, які заляцеў з Беларусі ў Літву 28 ліпеня, знайшлі ў Літве 1 жніўня. Да таго як згубіцца, беспілотнік праляцеў над Вільняй у бок Коўна.

Паводле папярэдніх звестак, беспілотнік падобны да расейскага дрона «Гербера», які выкарыстоўваецца для атак на Украіну.

Гэта не першы падобны выпадак. 10 ліпеня з Беларусі ў Літву заляцеў іншы беспілотнік. Ён таксама быў знойдзены – упаў прыкладна за кіламетр ад мяжы з Беларуссю непадалёк закрытага памежнага пункту пропуску «Шумскас». Выявілася, што гэта расейскі дрон «Гербера». З гэтай нагоды Беларусі таксама была перададзеная нота пратэсту.

Белсат