
Памежная служба Польшчы атрымае яшчэ больш новага абсталяваньня. Паводле інфармацыі міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Марціна Кярвіньскага, дзяржава мае намер працягваць укладаньні ў паляпшэньне бясьпекі ўсходняй мяжы.
Кярвіньскі заявіў, што памежная служба набудзе спэцыялізаванае абсталяваньне, у тым ліку цеплавізійныя камэры і прыборы начнога бачаньня. Ён падкрэсьліў, што на сёньняшні дзень на ўмацаваньне мяжы было прызначана некалькі соцень мільёнаў злотых, паведамляе Польскае радыё.
— Амаль 280 мільёнаў, амаль 5 тысяч відэакамэр, каля 2 тысяч інфрачырвоных ліхтароў. Усё дзеля таго, каб своечасова службы атрымлівалі сыгналы, што на нашай дзяржаўнай мяжы назіраюцца спробы нелегальнага пераходу.
Плянаваныя інвэстыцыі ўключаюць умацаваньне патрульнай дарогі ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
