Новая сістэма перасячэння межаў Еўразвяза грамадзянамі іншых краін, увядзенне якой некалькі разоў адкладалася, пачне працаваць з 12 кастрычніка 2025 года. Падрабязнасці паведаміла Еўракамісія ў сваім прэс-рэлізе. Ідзе гаворка пра ўкараненне на ўсіх памежных пераходах і ў аэрапортах краін Еўразвяза біяметрычнай сістэмы Entry/Exit System (EES).

Мэта — зрабіць перасячэнне мяжы больш хуткім і адначасова ўзмацніць эфектыўнасць кантролю. Сістэма прадугледжвае, што пры першым уездзе ў ЕЗ трэба будзе зрабіць фота і адсканаваць адбіткі пальцаў. Гэтыя даныя будуць захоўвацца ў сістэме тры гады, пасля чаго — выдаляцца. Пры наступным перасячэнні мяжы, калі ў вас ёсць біяметрычны пашпарт, то кантроль будзе адбывацца аўтаматычна. Зарэгістравацца ў EES можна будзе нават загадзя праз мабільны дадатак. Пасля канчатковага ўкаранення сістэмы ў біяметрычныя пашпарты перастануць ставіць штампы. Для ўладальнікаў звычайных пашпартоў нічога не зменіцца і ніякіх абмежаванняў не будзе. Пакуль нават тыя, хто пройдзе аўтаматычную ідэнтыфікацыю ў сістэме па біяметрычным пашпарце, павінны будуць падысці на пашпартны кантроль і паставіць штамп. Сістэма будзе ўводзіцца паступова цягам шасці месяцаў.