
Іван Кубракоў
Міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў на паседжанні ў Менгарвыканкаме 1 жніўня прапанаваў увесці адміністратыўную адказнасць для бацькоў, у сем’ях якіх прызнаны сацыяльна небяспечны стан (СНС, або больш вядомая абрэвіятура па-расейску – СОП).
Старшыня Менскага гарвыканкаму Уладзімір Кухараў лічыць, што ў сталіцы добра працуе сістэма выяўлення сем’яў у сацыяльна небяспечным стане, аднак яе трэба зрабіць больш жорсткай. У адказ на гэтыя словы міністр унутраных справаў выступіў з прапановай увесці для бацькоў у такіх сем’ях адміністратыўную адказнасць і накіроўваць іх на грамадскія работы.
Міністр даручыў начальніку ГУУС Менгарвыканкаму скласці спісы бацькоў у сем’ях са статусам СНС, каб ужываць да іх «самыя жорсткія захады».
«За няяўку па выкліку ў АУС раней суджаныя бацькі і тыя, хто стаіць на ўліку, прыцягваюцца да адказнасці. А да катэгорыі, якую мы разглядаем, такая захада не прадугледжаная. Мы вымушаныя іх шукаць, затрачваюцца вялізныя сілы і сродкі. Неабходна ўнесці адпаведныя прапановы», – заклікаў Кубракоў.
Паводле Менгарвыканкаму, за першае паўгоддзе 2025 года раённыя ўпраўленні адукацыі ў Менску зарэгістравалі больш за тры тысячы паведамленняў пра магчымае дрэннае становішча дзяцей у сем’ях. Па выніках праведзеных сацыяльных расследаванняў было прызнана, што 1195 дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане.
Паводле звестак Генеральнай пракуратуры Беларусі, за апошнія пяць гадоў колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане (СНС), узрасла на 60 %, а дзяцей – сацыяльных сіротаў, бацькі якіх пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, – на 64%.
Агулам у Беларусі ў 2024 годзе былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў 2558 чалавек. За ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца або знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні, у 2024 годзе было асуджана 6212 чалавек.
Станам на канец траўня ў нашай краіне было каля 19 тыс. дзяцей з 9000 сем’яў, якія, паводле ўладаў, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане.
