фота ілюстрацыйнае

Генеральная пракуратура Літвы паведаміла, што інцыдэнт з беспілотнікам, які прыляцеў з паветранай прасторы Беларусі, расследуецца як эпізод у справе аб вайсковых злачынствах ва Украіне. Аднак аніякіх падрабязнасцяў пра здарэнне праваахоўнікі абнародаваць не будуць.

Беспілотнік заляцеў з беларускай паветранай прасторы ў літоўскую ў ноч на 28 ліпеня. Генеральная пракуратура суседняй краіны паведаміла, што гэты інцыдэнт «расследуецца як асобны эпізод у межах дасудовага разбору ў справе аб вайсковых злачынствах ва Украіне».

Беспілотнік, што заляцеў з Беларусі, праляцеў над Вільняй, накіраваўся ў бок Каўнасу і знік, шукалі некалькі дзён. 1 жніўня дрон знайшлі на палігоне Гайжунай у Ёнаўскім раёне каля Каўнасу.

Папярэдне паведамлялася, што гэта быў расейскі беспілотнік «Гербера» – у залежнасці ад мадыфікацыі ён можа ўжывацца для ўдараў або выведкі ці быць проста імітатарам і адцягваць увагу супрацьпаветранай абароны. Які менавіта апарат упаў у Літве, не ўдакладнялася.

Пасля гэтага выпадку ўлады суседняй краіны паабяцалі «прыняць дадатковыя захады для забеспячэння больш эфектыўнага памежнага кантролю, будуць задзейнічаныя дадатковыя вайсковыя сілы». А МЗС Літвы выклікала да сябе прадстаўніка амбасады Беларусі ў Вільні і ўручыла яму ноту, у якой выказваецца рашучы пратэст у звязку з незаконным пранікненнем беспілотніка.