
4 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам у Беларусі. Ён запачаткаваны ў 2012 годзе, менавіта таму, што за год да гэтага, 4 жніўня 2011 года, быў арыштаваны беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Алесь Бяляцкі на судзе ў 2012 годзе. Фота: Радыё Свабода
Пра тыя часы распавядае праваабаронца Алена Лапцёнак:
“Пачаць можна здалёк. Калі прасачыць гісторыю такіх дзён салідарнасці ў Беларусі, то іх было некалькі. І 4 жніўня — гэта адна з такіх дат, і яна міжнародная, бо Алесь Бяляцкі, затрыманы 4 жніўня 2011 года, быў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федерацыі за правы чалавека (FIDH), то бок ён уваходзіў у такую сур’ёзную і вялікую арганізацыю. Ён быў фігурай, вядомай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Алесь быў затрыманы ў 2011 годзе менавіта тады, калі хваля рэпрэсій пасля снежаньскіх выбараў 2010 году ўжо фактычна пачала спадаць. То-бок на пачатку былі затрыманыя і крымінальныя справы ўзбуджаны прыблізна супраць 40 чалавек — гэта і кандыдаты ў прэзідэнты, і сябры альбо старшыні ініцыятыўных груп. І ўсю вясну ішлі суды над гэтымі палітычнымі дзеячамі і грамадскімі актывістамі.
Ужо ў гэты час асуджаныя да нейкіх турэмных тэрмінаў пачалі выходзіць на волю ў сувязі з памілаваннем Лукашэнкі. Там было некалькі этапаў. А Алеся менавіта арыштавалі ў гэты час. І гэта з аднаго боку было нелагічна, а з другога боку паказвала, што не — рэпрэсіі не спыняюцца. І гэта быў такі сігнал грамадскім арганізацыям, беларускім НДА, што вось фактычна фігура Алеся, старшыні праваабарончай арганізацыі, якая бароніць правы іншых — такая дзейнасць у краіне ўсё ж такі не пажадана.
У Алеся, безумоўна, артыкул быў непалітычны, каб гэта не выглядала, што пераслед палітычны. І вось праз год, калі Алеся судзілі, калі далі вялікі тэрмін у чатыры з паловай гады, ён быў і пазней пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH трэці раз, негледзячы на тое, што там чалавек можа займаць пасаду два разы. А паколькі Алесь знаходзіўся за кратамі, зразумела, ён жа ж не мог працаваць і выконваць нейкія функцыі, таму чыста сімвалічна ён быў пераабраны на трэці тэрмін — гэта было выключэнне. І была вялікая міжнародная падтрымка, і вось быў і арганізаваны Міжнародны дзень салідарнасці, які з 2012 года праводзіўся да вызвалення Алеся.
І пасля сімвалічна яшчэ згадваўся гэты дзень.
Насамрэч, калі ён пачынаўся, то мэтай яго было адзначэнне да таго часу, пакуль увогуле ў Беларусі будуць заставацца альбо палітвязні, альбо проста палітычна рэпрэсаваныя, то бок пакуль не пачнуцца дэмакратычныя перамены. І па сутнасці паступова ў Беларусі пачалася адносная адліга, пачаліся больш-менш прыязныя адносіны з Захадам, і таму адзначэнне гэтага дня хоць і не спынілася (пра яго грамадзянская супольнасць згадвала), але на сённяшні дзень, безумоўна, ужо ёсць і іншыя даты, і іншыя рэпрсэсіі, таму для нас, для праваабаронцаў, гэтая дата ўсё роўна застаецца дастаткова важнай і сімвалічнай, бо яна паказвае, што гэты пераслед дастаткова сістэматычны, працяглы, і Алесь цяпер адбывае ўжо другі раз зняволенне за сваю грамадскую праваабарончую дзейнасць.
Гэты пераслед з’яўляецца трывалым. Але калі ўзяць падзеі 2020 году і пасля 2020 году, то з’явілася шмат датаў, напрыклад 14 ліпеня, калі Алеся і іншыя праваабаронцы былі затрыманыя, люты, калі было праведзена больш за 100 вобшукаў у розных грамадска-палітычных актывістаў па ўсёй Беларусі. Але гэты дзень 4 жніўня важны, таму што варта нагадваць людзям і паказваць гэта, што да падзеяў 2020 года таксама нешта было. Што не толькі ў 2020 годзе пачаліся рэпрэсіі. Трэба казаць і пра тую колькасць палітвязняў, якія былі да 2020 году, згадваць іх, распавядаць пра гэтых людзей.
Трэба паказваць грамадству, тым людзям, якія ў тыя часы яшчэ былі маленькія, і магчыма не ведалі, былі падлеткамі, не цікавіліся, а зараз гэта ўжо дарослыя людзі — паказваць, што прага да дэмакратычных пераменаў у беларусаў фактычна была нават да пачатку незалежнасці: то бок калі мы гаворым пра Дзяды, якія адзначаліся з канца 80-х гадоў, пра Чарнобыльскі шлях… Гэта таксама такія пэўныя і важныя вехі ў грамадскім жыцці беларусаў. І любая дата, звязаная з такімі важнымі падзеямі — пра яе варта гаварыць, яе варта ўзгадваць і прыгадваць, што гэта было канкрэтна, каб людзі ведалі. Таму што насамрэч гэты летапіс нават Праваабарончага цэнтра “Вясна” — вось ужо хутка будзе 30 гадоў, як ён налічвае — фактычна гэта і ёсць час беларускай незалежнасці, і што адбывалася ў гэтыя гады”.
