Следчы камітэт расказаў, што высветліў асобы яшчэ 207 удзельнікаў вулічных акцыяў за мяжой. Рэпрэсіі закранулі беларусаў, якія святкавалі Дзень Волі ў сакавіку 2025 года ў розных краінах.

Як сцвярджаецца, у беларусаў, якіх вылічыў Следчы камітэт, пачаліся ператрусы і арышты маёмасці. Далей у дачыненні людзей могуць пачаць спецыяльную вытворчасць, гэта значыць іх будуць судзіць завочна і могуць адабраць маёмасць. Гаворка ідзе пра беларусаў у Польшчы, ЗША, Літве, Канадзе і Вялікай Брытаніі.

Паводле версіі СК, людзі выходзілі святкаваць Дзень Волі пад кіраўніцтвам «экстрэмісцкіх фармаванняў і тэрарыстычных арганізацый».

Беларусаў замежжа, якія былі заўважаныя на акцыях, прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).